Аблвыканкам: лёс “Бульбаш-хола” вырашыць Рада Мінкульта (фота)
Грамадскія актывісты атрымалі афіцыйны адказ на зварот у Савет Міністраў
У звароце актывісты прасілі Савет Міністраў ліквідаваць парушэнні ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны: даць прававую ацэнку забудове ў ахоўнай зоне мемарыяла ахвяраў сталінскіх рэпрэсій “Курапаты”. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла адна з падпісантаў Ганна Шапуцька.
У адказе Мінаблвыканкама паведамляецца, што яшчэ 25 чэрвеня ў Міністэрстве культуры адбылася нарада з удзелам прадстаўнікоў аблвыканкама, выканкама Мінскага раёна і кампаніі “БелРестИнвест” (забудоўшчыкі так званага “Бульбаш-хола”). Вынік – пытанне “магчымасці размяшчэння аб’екта прыдарожнага сервіса” паблізу Курапат вырашыць Рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Калі адбудзецца паседжанне Рады (і ці не адбылося яно ўжо) – не паведамляецца.
Сама фармулёўка “магчымасці размяшчэння” досыць дзіўная, улічваючы тое, што будынкі рэстарацыі даўно ўзведзеныя.