Ад Беларусі выбіраць патрыярха разам з царкоўнікамі паедуць бізнесмены

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, як абіраліся дэлегаты на Памесны сабор Рускай праваслаўнай царквы ў беларускіх епархіях.
Большасць праваслаўных епархій ужо вызначыла сваіх дэлегатаў на Памесны Сабор, якому належыць абраць новага патрыярха Рускай праваслаўнай царквы. Першы этап выбараў пачнецца ўжо 26-га студзеня. А царкоўная грамадскасць ужо перайменавала будучы Памесны сабор у "кірмаш пыхлівасці" і "збор падсвечнікаў". Выбіраць новага патрыярха будуць бізнесмены і чыноўнікі, піша расійская газета "КоммерсантЪ".

Рэч у тым, што ў спісах дэлегатаў апынулася шмат чыноўнікаў і бізнесменаў, якія спансіруюць епархіі, тлумачыць "Ъ". І царкоўная грамадскасць вельмі не задаволеная гэтым.

Ад Бабруйскай епархіі адным з дэлегатаў будзе старшыня камісіі па гандлі і прадпрымальніцтве мясцовага гарсавета Ігар Баншчыкаў. Ён жа і ўладальнік кампаніі "Ярабел", што займаецца здачай у арэнду офісных будынкаў у Бабруйску.

Як абіраліся дэлегаты, Еўрарадыё патлумачыў сакратар Бабруйскай епархіі айцец Сергій:

"Паводле патрабаванняў самога сабора, на яго павінны быць вылучаныя: адзін кіравальны архірэй - гэта епіскап Серафім у нас, адзін святар, адзін манах і адзін парафіянін".

Ігара Баншчыкава айцец Сергій ахарактарызаваў як чалавека ўсебакова адукаванага. Ён доўгі час выкладаў у бабруйскім філіяле БДЭУ, з'яўляецца актыўным вернікам, узнагароджаны ордэнам свяціцеля Кірылы Тураўскага, а таксама мае сваё прадпрыемства, распавёў Еўрарадыё айцец Сергій. Было некалькі кандыдатураў, але ўсе аднагалосна абралі Баншчыкава.

Алесь Чыгір - былы калега па гарвыканкаме - таксама не сказаў нічога кепскага пра Сяргея Баншчыкава:

"У яго сын у духоўнай семінарыі. Праваслаўная сям'я. Нічога кепскага сказаць пра яго не магу. Але, на мой погляд, яго інтарэсы - гэта бізнэс і праваслаўе".

Як даведалася Еўрарадыё, ад Гомельскай епархіі абраны парафіянін Мікалай Лобжа, ад Мінскай - Генадзь Шэйкін, каардынатар прадстаўніцтва царкоўна-навуковага цэнтра "Праваслаўная энцыклапедыя" у Беларускім экзархаце, ад Гарадзенскай - прадстаўнік адміністрацыі Ваўкавыскай раённай лякарні Сяргей Кабылка. Канчатковыя спісы дэлегатаў павінны быць пададзеныя 15-га студзеня.

Сакратар Бабруйскай епархіі айцец Сергій не бачыць нічога кепскага, што дэлегатамі на сабор вылучаюцца парафіяне. Вось што ён сказаў Еўрарадыё на гэты конт:

"Царква - гэта не толькі епіскап, не толькі бацюшка, не толькі манахі. Гэта ўсе мы, усё праваслаўныя - гэта і ёсць царква. Таму ад кожнай структуры, ад кожнай часткі царквы вылучаецца кандыдат. Паўната царквы павінна прысутнічаць".

Але ж газета "КоммерсантЪ" піша: "У РПЦ не хаваюць, што епархіі пайшлі па шляху вылучэння ў дэлегаты царкоўных фундатараў, для якіх удзел у выбарах патрыярха "раўнацэнны праваслаўнаму ордэну". І такая сітуацыя на выбарах патрыярха складзецца ўпершыню. Да 1917 года парафіяне ў саборах удзельнічалі, але толькі з правам дарадчага голасу. А на папярэдніх выбарах патрыярха парафіяне мелі права галасаваць, але іх голас адносілі ўсё жа да царкоўных - большасць парафіян працавалі ў прыхадскіх установах.

А пакуль галасаванне за новага патрыярха пачалося у інтэрнэце. Яно ідзе на некалькіх сайтах: www.patriarh2009.ru, які створаны прыхільнікамі мітрапаліта Кірыла, www.pravaya.ru, створаны праціўнікамі Кірыла, але ён там таксама лідзіруе, і www.zapatriarha.ru, дзе намаганнямі невядомых хакераў альбо флэшмобераў лідзіруе з 77 працэнтамі Данііл, біскуп Такійскі і ўсёй Японіі, хаця мадэратары сайта рэгулярна абнуляюць вынікі галасавання.

Фота: www.rb.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі