Адказнасці за адмову ад абавязковай дактыласкапіі пакуль няма

Адказнасць за адмову ад абавязковай дактыласкапіі пакуль не прадугледжаная. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, перадае БелаПАН.
Нагадаем, у сераду дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі адразу ў двух чытаннях папраўкі ў закон "Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі". Цяпер дактыласкапія для ўсіх ваеннаабавязаных ад 18 да 55 гадоў стане абавязковай. Уступае ў дзеянне гэты закон праз тры месяцы пасля прыняцця.

У каментары Еўрарадыё юрыст Гары Паганяйла адзначыў, што адказнасці за адмову ад дактыласкапіі няма ні ў адным з беларускіх кодэксаў — ні ў Адміністрацыйным, ні ў Крымінальным. Калі чалавек трапляе ў катэгорыю тых, хто абавязаны здаваць адбіткі пальцаў, але адмаўляецца ад гэтага, яго маглі проста звольніць.

Паганяйла:
“Таму што за іх адказнасць нясе арганізацыя, дзяржава ў цэлым, гэта звязана з пэўнымі небяспекамі... Менавіта таму, жадаючы своечасова ідэнтыфікаваць асобу грамадзяніна, які можа загінуць, напрыклад, пры гашэнні пажару — пажарнік, ці вайсковец на полі бою, ці міліцыянт пры ахове грамадскага парадку можа загінуць... Вось там патрабуецца хуткая ідэнтыфікацыя асобы”.

На думку праваабаронцы, зараз заканадаўцы паставілі інтарэсы сілавых ведамстваў вышэй за грамадзянскія свабоды. Бо нават у выпадку з дактыласкапіяй для біяметрычнага пашпарту чалавек павінен мець права адмовіцца ад яго атрымання, кажа Паганяйла. Калі ж здаць адбіткі пальцаў трэба для замежнай біяметрычнай візы, то гэтую працэдуру можна прадугледзець у консульствах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі