Адрасная дапамога можа скласці... 1 тысячу рублёў

Яе змогуць атрымаць толькі тыя, чый прыбытак не перавышае 185 тысяч рублёў. Аднак разлічваць на вялікія грошы не давядзецца: калі да гэтай сумы не будзе хапаць 1 тысячы рублёў, столькі дзяржава і даплоціць. Дарэчы, неабходная для атрымання дзяржаўнай дапамогі даведка з БРТІ (яна каштуе 3.500) можа абысціся нават больш. А студэнтам-платнікам ніякай дапамогі не будзе навогул.
Начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна Сяргеева расказала Еўрарадыё, што спачатку прыдзецца сабраць шэраг дакументаў, а пасля ўжо чакаць рашэння камісіі.

Валянціна Сяргеева: Трэба звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны па месцы жыхарства. Калі заяўнік прыйдзе з поўным пакетам дакументаў, якія пацвярджаюць прыбытак і склад сям’і, тады на працягу 5 дзён камісія прымае рашэнне, і на працягу 3 дзён яна паведамляе. І адразу ж пасля паведамлення наступае выплата.

Журналіст Еўрарадыё паспрабавала атрымаць дзяржпадтрымку і звярнулася ва ўпраўленне сацыяльнай абароны Цэнтральнага раёна. Гісторыя, што я і муж працуем на поўную стаўку, але не дацягваем да БПМ здзівіла спецыяліста, і яна доўга не магла паверыць у такую рэальнасць. Пасля прапанавалі прынесці ўсе даведкі.

Супрацоўнік: Там вельмі шмат дакументаў: даведка аб прыбытках і ваша, і мужа, усіх членаў, уключаных у склад сям’і. Складаецца акт абследавання: вы прапісаны ў Цэнтральным раёне? І вы не здаяце пакой, гараж, прысядзібны ўчастак, бо будзе заказвацца даведка з БРТІ, і яна платная; копія заключэння шлюбу; даведка, што вы зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам ці не; потым даведка з ЖЭСа.

Пасля таго, як мы пачулі такі доўгі спіс, вырашылі пацікавіцца: колькі каштуе такая папяровая валакіта? Аказалася, што дзяржава не пасквапіцца і зможа нават аказаць падтрымку ў 1 тысячу рублёў.

Супрацоўнік: Вам будуць выплочваць дадатную розніцу паміж вашым прыбыткам і вось гэтым бюджэтам пражытковага мінімума 100-адсоткавым. Калі ў вас атрымаецца 184 тысячы, ну, напрыклад, гэта ніжэй, чым бюджэт пражытковага мінімума, вам будуць выплочваць у месяц на аднаго чалавека тысячу з нечым.

У міністэрстве Еўрарадыё запэўнілі, што дакументаў прыйдзецца збіраць не так шмат і, галоўнае, за ніводную даведку не трэба будзе плаціць ні рубля. Такая дапамога будзе аказвацца 6 месяцаў.

Валянціна Сяргеева: Але права камісіі дадзена яшчэ больш за два разы, калі сям’я не можа па аб’ектыўных прычынах выйсці з цяжкай складанай сітуацыі.

Сітуацыю, у якой малазабяспечаная сям’я ўмудраецца вучыць дзіця на платным аддзяленні, у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны не лічаць складанай, таму разлічваць на падтрымку дзяржавы студэнту-платніку проста немагчыма.

Валянціна Сяргеева: Абсалютна правільна, сям’я не мае права. Разумееце, калі сям’я за кошт уласных сродкаў аплочвае навучанне гэтага студэнта. Значыць, у іх ёсць прыбытак, а адрасная сацыяльная дапамога даецца на хлеб. 100% бюджэту пражытковага мінімума – гэта ўжо рыса беднасці.

У Міністэрстве статыстыкі Еўрарадыё сказалі, што у трэцім квартале ў краіне налічвалася 10% насельніцтва, прыбытак якога складае менш за 185.670 рублёў. Гэта значыць, што кожны дзесяты беларус знаходзіцца на парозе беднасці, але пры гэтым заробак расце з хуткасцю ветра і сёння складае 756.537 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі