Адвакат: Да Саўчанка не пускаюць ўкраінскіх медыкаў

Адвакат: Да Саўчанка не пускаюць ўкраінскіх медыкаў

Да ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка, якая з 4 сакавіка галадае ў расійскім СІЗА, дагэтуль не пускаюць ўкраінскіх медыкаў.

Пра гэта інфармуе УНІАН са спасылкай на яе адваката Мікалая Полазава. Да палоннай лётчыцы змаглі прайсці толькі ўкраінскія консулы.

Адвакат паведамляе, што "Надзея, перамагаючы слабасць, сама спусцілася з верхняга паверха ў следчы кабінет, дзе праходзіла сустрэча з консуламі, і сама паднялася назад". Саўчанка намераная прысутнічаць на судовым пасяджэнні 9 сакавіка і сама прамовіць сваё апошняе слова. Полазаў дадаў, што ў яго падабароннай праяўляюцца сімптомы сухой галадоўкі: перыядычна ўзнікае тахікардыя, ацякаюць ногі, парушаная тэрмарэгуляцыя.

Саўчанка забараняе расійскім лекарам браць у яе аналізы і праводзіць з ёй якія-небудзь медыцынскія маніпуляцыі. А расійскі бок зацягвае допуск украінскіх медыкаў да галадоўніцы, кажа абаронца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі