Адзін з лепшых польскіх гуртоў прыедзе ў Мінск

Па словах Піта, палякі не часта прывозяць да нас сваю музыку. Апошнія, каго можна было пабачыць на беларускай сцэне - гэта “Pidżama Porno“, “T.Love“ ды “Jacek Kleyff“ са сваім аркестрам "Na Zdrowie". Таму перад арганізатарамі паўстаў нялёгкі выбар:

“Мне трэба было абраць гурт, які б найлепшым чынам прадставіў польскую сучасную рок-музыку, але пры гэтым спадабаўся б з першага раза“, — падзяліўся Піт Паўлаў.

Спадабаецца Myslovitz Мінску ці не, гэта мы яшчэ пабачым. Аднак Яцэк Кудэрскі, басіст гурта, выказаў спадзяванні, што ўсё пройдзе найлепшым чынам.

Яцэк Кудэрскі: “Шчыра прызнаюся, што нічога не ведаю пра Беларусь. Спачатку мы сумняваліся, ляцець нам на канцэрт ці не. Нас запэўнілі, што ў Мінску бяспечней, чым у Варшаве. Пасля пэўных пертурбацый мы рашыліся ляцець у Беларусь. Спадзяюся, што гэта будуць цікавыя перажыванні“.

Культурная праграма, якую адмыслова для гурта падрыхтавалі арганізатары канцэрту, па сакрэце скажу, уключае Нясвіж і прагулкі па Мінску. Але самым дарагім  падарункам гасцям, мяркую, будзе максімальная аддача слухачоў падчас канцэрта.

Яцэк Кудэрскі распавёў Еўрарадыё, якую праграму прывязе Myslovitz у Мінск.

Яцэк Кудэрскі: “Гэта такі сэт, які мы граем ужо некалькі месяцаў. Складаецца ён пераважна з вядомых песень, якія можна пачуць па радыё.  Ёсць яшчэ 3 новыя трэкі, якія выйдуць у наступным годзе. І гэта павінна прывабіць публіку“.

Прывабная польская музыка 3 снежня — у клубе Рэактар. Піт Паўлаў запэўніў, што Myslovitz мусіць спадабацца кожнаму наведніку канцэрту, бо..

“...гэта і не цяжкі гурт, і не папсовы. Гэта якраз пасярэдзіне. І ён можа спадабацца розным слухачам“, — дадаў Піт Паўлаў.

Апроч Myslovitz, на канцэрце сыграе каманда “Глебстеры“. У якасці гаспадара вечара выступіць Піт Паўлаў са сваім гуртом Garadzkija.

Варта адзначыць, што канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Польскага Інстытута. І напэўна, без іх фінансавай дапамогі, рок-зоркі такога ўзроўня не мелі б шчасця пабываць на адной сцэне з беларускімі калегамі.

Калі вы яшчэ не знаёмыя з творчасцю гурта Myslovitz, запрашаю на афіцыйную старонку каманды.

І не забывайцеся — 3 снежня, клуб Рэактар, 19:00.

Квіткі —  ад 10 да 25 тыс. руб.

Падрабязней па тэл: +375 29 3404633 і на сайце www.zyvyhuk.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі