Адзінокім маці налічваюць умоўныя аліменты замест адраснай дапамогі

Жанчынам, якія звярнуліся па адрасную сацыяльную падтрымку, налічваюць віртуальныя грошы, якіх яны ніколі не атрымоўвалі. Як даведалася Еўрарадыё, зараз у цэнтры сацыяльнай абароны ў асноўным прыходзяць адзінокія маці, бо яны амаль адзіныя, хто можа разлічваць на сацыяльную падтрымку. Аднак у цэнтрах сацыяльнай абароны ўлічваюць не толькі прыбытак маці (у асноўным гэта дапамога на дзіця, аліменты), але і ўмоўныя аліменты, пра якія многія жанчыны чуюць упершыню. Па словах спецыяліста цэнтра сацыяльнай абароны Фрунзенскага раёна сталіцы, калі ў дзіцяці ёсць бацька, тады нягледзячы на тое, плаціць ён афіцыйна аліменты ці не, гэтыя грошы павінны ўлічвацца. А гэта азначае, што шанец атрымаць адрасную падтрымку будзе менш.

Супрацоўніца: Як яна можа быць адзінокай маці, калі ёсць бацька? Калі ў яе пасведчанне аб дзіцяці запісана з яе слоў, значыць, яна адзінокая маці і ў яе ёсць даведка формы №2 з ЗАГСа, тады ўмоўныя аліменты ёй не налічваюцца. Калі яна вызначыла бацькоўства, тады ўмоўныя аліменты налічваюцца.
Еўрарадыё: А што такое ”ўмоўныя аліменты”?
Супрацоўніца: 25% налічваюцца ад бюджэту пражытковага мінімуму.
Еўрарадыё:
Атрымліваецца, што гэта проста віртуальныя грошы, якіх жанчына не атрымлівае, а яны ёй налічваюцца?
Супрацоўніца: Чаму яна іх не атрымвае? Чаму яна тады не звярнулася ў суд па налічэнне аліментаў, каб яны законна ў яе былі? Можа, яна дамовілася з бацькам дзіцяці, і ён ёй дае грошы на рукі.

Сёння ўмоўныя аліменты складаюць 42 тысячы 400 рублёў, такая сума прызначана яшчэ ў 2006 годзе.

Як кажа Еўрарадыё намеснік начальніка цэнтра сацыяльнай абароны Цэнтральнага раёна Алена Русаковіч, за месяц да іх звярнулася 15 адзінокіх маці і 3 разведзеныя жанчыны. Калі першыя па прыбытках выходзяць на сацыяльную дапамогу 100% , то другія - пад пытаннем. Жанчыне, якая не звярталася ў суд па налічэнне аліментаў, прыйдзецца ў цэнтры напісаць тлумачальную.

Алена Русаковіч: Калі маці піша, што па спагнанне аліментаў яна не звярталася і іх не атрымлівае, мы тады бярэм умоўныя аліменты. Калі яна звярталася па спагнанне аліментаў у суд, але іх не атрымае, тады яна бярэ даведку ў судзе, і мы гэтыя неатрыманыя грошы не ўлічваем.

Зараз адзінокая маці двухгадовага дзіцяці атрымлівае штомесячную дапамогу ў 168 тысяч рублёў, таму, звярнуўшыся па сацыяльную падтрымку, яна можа прэтэндаваць яшчэ на 198 тысяч.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі