Адзінокія пенсіянеры аддаюць за камунальныя амаль 20% сваёй пенсіі

Еўрарадыё вырашыла даведацца, якую частку свайго прыбытку аддаюць беларусы за камунальныя паслугі. “З 1 студзеня два пенсіянеры, якія пражываюць асобна ад дзяцей і атрымліваюць сярэднюю пенсію, будуць траціць на аплату жыллёва-камунальных паслуг не больш за 16,8% свайго сукупнага прыбытку, сям'я з двух працоўных чалавек — не больш за 8,3%.

У перспектыве максімальная доля аплаты ЖКГ у сукупным прыбытку сям'і з двух непрацуючых пенсіянераў вызначана на ўзроўні 20% для гарадскіх жыхароў і 15% — для сельскіх. Вышэй тарыфы паднімацца не будуць”, — паведаміў у інтрэрв’ю агенцтву БЕЛТА міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімір Белахвостаў.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, якую частку свайго прыбытку аддаюць беларусы за камунальныя паслугі цяпер.

З гэтым пытаннем мы патэлефанавалі да маладой сям’і. Жонка працуе журналістам у дзяржаўным выданні. Муж Арцём – у прыватнай фірме. У размове з Еўрарадыё ён распавёў, што за сваю аднапакаёвую кватэру яны плацяць 130-140 тысячаў за “камуналку”.

"У нас маленькая кватэра, таму за ўсё будзе недзе тысяч 130-140".

Гэта складае каля 5 адсоткаў ад бюджэту маладой сям’і.

"Ад сямейнага бюджэту адсоткаў 5, я лічу".

А вось былая настаўніца, а зараз – адзінокая пенсіянерка Зінаіда Матусевіч распавяла нам, што за сваю двухпакаёвую кватэру ў Вілейцы кожны месяц ёй даводзіцца плаціць ад 75 да 90 тысячаў рублёў.

"У мінулым месяцы за снежань я заплаціла ўсё разам – і тэлефон, і святло, і вада, і газ – 75 тысячаў. Цяпер будзе дзесьці 90".

Гэта складае ад 16 да 19 адсоткаў і без таго невялікай пенсіі спадарыні Матусевіч.

"У мяне пенсія 478".

Прыкладна такая ж сітуацыя ў сям’і пенсіянераў з Пінску.
Мікалай Васільевіч у мінулым працаваў машыністам на ТЭЦ, а Марыя Сяргееўна – загадчыцай цэху на “Пінскдрэў”. Зараз на дваіх яны атрымліваюць 800 тысяч рублёў пенсіі.

ЕРБ: Скажыце, а колькі вашая агульная пенсія?
Марыя Сяргееўна: З дзедам ўдваіх 800 тысяч.

Ад гэтай сумы штомесяц яны павінны аддаваць каля 80 тысячаў за камунальныя паслугі.

80 ці 77 –  як калі, гледзячы колькі плаціць за ваду і газ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі