Афіцэр-памежнік Андрэй Навіцкі загінуў з-за няшчаснага выпадку (Фота)
Блізкія капітана пацвердзілі Еўрарадыё сумную навіну аб яго гібелі. 9 дзён памежнік правёў у рэанімацыі, але ўрачы не змаглі яго выратаваць.
Інфармацыя аб гібелі гродзенскага памежніка Андрэя Навіцкага, на жаль, пацвердзілася. Еўрарадыё звязалася з блізкімі вайскоўца і атрымала пацвярджэнне гэтай трагедыі.
“Няшчасны выпадак здарыўся 23 верасня. Гэта нам так кажуць. Што там здарылася, ніхто нічога не паведаміў. Толькі казалі: “Вядзецца следства, вядзецца следства”, — скрозь слёзы паведамляе Наталля, дзяўчына Андрэя Навіцкага. — Спачатку нам сказалі, што жыццю майго любімага чалавека нічога не пагражае… Але праз дзевяць дзён, 2 кастрычніка, ён памёр у рэанімацыі. Нас туды да яго ні разу не пусцілі, ні разу. Ён быў капітанам, яго служба была сакрэтнай, пра яе ён амаль нічога ніколі не казаў. Мы прасілі, каб яго адправілі ў Мінск. Спадзяваліся, што лячэнне там трошкі іншае. Але нам адказалі, што ён нетранспартабельны”.
Ні Дзяржаўны памежны камітэт, ні Міністэрства абароны інфармацыі наконт смерці афіцэра пакуль не давалі. Не вядомая і інфармацыя наконт таго, ці ўдзельнічаў капітан у вучэннях “Захад-2013”.
Толькі службай інтарэсы Андрэя Навіцкага не абмяжоўваліся. Ён быў аматарам хіп-хопу, а падчас адпачынкаў любіў актыўна вандраваць.