Акцыя на Дзень св. Валянціна ў Мінску (on-line)
14 лютага ў Мінску прайшла моладзевая акцыя, прымеркаваная да Дня ўсіх
закаханых. Яе арганізавала незарэгістраваная арганізацыя «Малады фронт».
Мінскія ўлады не далі дазволу на яе правядзенне. Нашыя
карэспандэнты перадавалі паведамленні з месца падзеяў.
Насупраць, у касцёле святой Марыі, сабралося больш за дзесятак чалавек моладзі, пераважна дзяўчат. Яны былі па-святочнаму апранутыя, некаторыя мелі бел-чырвона-белыя стужкі ў валасах.
Запланаванай святочнай імшы за хрысціянскую любоў і Божае дабраславенне Беларусі не было. Якраз адбываўся абрад вянчання даволі сталых людзей.
***
У 17:30 на плошчы па-ранейшаму
былі толькі 3—4 супрацоўнікі спецслужбаў. Яны спынілі нашага карэспандэнта
недалёка ад Ратушы. Чалавек у цывільным сказаў, што далей ісці нельга.
Патлумачыць прычыны адмовіўся.
***
17:50. Наш карэспандэнт паведамляе, што плошча Свабоды ачэпленая дзесяткамі людзей у чорным. На іх уніформе няма апазнавальных знакаў. Каля 30 чалавек у цывільным хаваюцца за Ратушай, некалькі дзяжураць каля касцёла — запланаванага месца збору ўдзельнікаў акцыі.
***
Паводле інфармацыі сайту nn.by, яшчэ за некалькі гадзін да пачатку акцыі пачаліся
прэвентыўныя затрыманні моладзевых актывістаў. Ва ўласнай кватэры затрымалі
аднаго з кіраўнікоў «Маладога фронту» Сержука Лісічонка. На вуліцы схапілі актывістку Людмілу Атакулаву.
Яшчэ а 16-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа была разагнаная акцыя “Моладзі БНФ”. Па розных звестках, міліцыянты затрымалі ад 6 да 10 чалавек.
***
18:05. На
ходніках недалёка ад ратушы з'явіліся 5 дзяўчынак. Яны апранутыя ў белыя
хусткі, на іх вопратцы — чырвоныя сэрцы. Дзяўчынкі раздаюць мінакам кветкі.
Натоўп з некалькіх дзесяткаў чалавек у атачэнні
журналістаў і супрацоўнікаў спецслужбаў затрымаўся каля Ратушы.
***
18:15. Натоўп прыблізна з 40 чалавек стаіць на
прыступках каля Ратушы. З'явілася расцяжка «Малады фронт». Побач знаходзяцца
людзі ў чорным.
***
18:20. Невялічкая калона рушыла ў бок моста праз Нямігу. Наш карэспандэнт заўважыў дзве расцяжкі — «Малады фронт» і «Акцыя любові». Моладзь нясе на плячах бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі краінаў Еўрасаюзу. Яна скандзіруе: «Жыве Беларусь!». Калона перайшла вуліцу і падыйшла да французскай амбасады.
***
18:25.
Дзве дзяўчынкі, апранутыя па-святочнаму, зайшлі ў будынак французскай амбасады.
Яны маюць намер павіншаваць дыпламатаў са святам Валянціна. Некалькі дзесяткаў
чалавек чакаюць іх вяртання каля будынка.
Моладзь скандзіруе «Жыве Беларусь!».
Наш карэспандэнт заўважыў аўтобус з танаваным шклом, які знаходзіцца недалёка
ад месца падзеяў. Сярод дэманстрантаў прысутнічае
Аляксандр Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей.
***
18:40. Дзяўчынкі выйшлі з будынка французскай амбасады. Каля 60-70
удзельнікаў акцыі збіраюцца працягнуць шэсце па ходніках.
Яны ўзнялі тры сцягі —
бел-чырвона-белы, Еўрасаюза і Маладога фронту. Моладзь скандзіруе: «Жыве
Беларусь!» Калона
рушыла ў бок амбасады Нямеччыны.
18:50. Калона прыблізна з 100 чалавек ідзе па ходніках да
перакрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна. За ёй марудна едзе
аўтобус з спецназам.Людзі ў цывільным спрабавалі схапіць аднаго з
дэманстрантаў, але яго ўдалося адбіць.
***
18:55. Калона ідзе па Кастрычніцкай плошчы. Колькасць дэманстрантаў усё
большае.
***
19:00. 100—120 дэманстрантаў ідуць па праспекце ў бок плошчы Перамогі.
Па некаторых звестках, затрымана 5 чалавек, сярод іх моладзевы актывіст Барыс
Гарэцкі.
***
19.10. Калона
наблізілася да плошчы Перамогі. Дэманстранты скандзіруюць: "Жыве
Беларусь!", "Верым, можам, пераможам!", "Беларусь — у
Еўропу!". Людзі ў цывільным толькі што захапілі сцяг "Маладога фронту".
***
19.20.
Дэманстранты дайшлі да амбасады Нямеччыны на вуліцы Захарава. Супрацоўнікам амбасады
дэманстранты ўручаюць кветкі, "валянцінкі" і чытаюць зварот з нагоды
свята.
***
19.35. Калона
рушыла ў бок амерыканскай амбасады. Стала вядома, што насамрэч затрыманы адзін
чалавек — Барыс Гарэцкі. Яго схапілі каля вуліцы Янкі Купалы.
***
19.50. Калона
дэманстрантаў у колькасці каля 80 чалавек зараз ідзе па ходніках вуліцы Кісялёва.
Яна кіруецца да амерыканскай амбасады.
***
20.05. Дэманстранты знаходзяцца каля амерыканскай амбасады, размаўляюць з намеснікам амбасадара, які выйшаў да іх. Чакаецца, што на гэтым акцыя з нагоды Дня св. Валянціна будзе скончаная.
***
20.10.
Дэманстранты групамі разыходзяцца. Акцыя скончаная. Падчас яе правядзення былі
затрыманы два чалавекі — Барыс Гарэцкі і Сяржук Гумінскі. Паводле інфармацыі сайта nn.by, неўзабаве яны былі выпушчаныя. На волі знаходзяцца і затрыманыя сёння актывісты "Моладзі БНФ".