Аксана Пачобут: Андрэй не падпісваў падпіску аб нявыездзе

Журналіст "Газеты выборчай" Андрэй Пачобут затрыманы на трое сутак, нібыта, за парушэнне падпіскі аб нявыездзе. Нагадаем, нядаўна супраць яго была распачатая крымінальная справа за "абразу кіраўніка дзяржавы". Пачобут учора збіраўся ехаць у Мінск для ўдзелу ў відэаканферэнцыі з дэпутатамі Еўрапарламента і па дарозе быў затрыманы.

Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры з Аксанай Пачобут, жонкай Андрэя, якая сёння наведала следчы ізалятар, дзе ён утрымліваецца.

Еўрарадыё: Ці сапраўды была такая падпіска аб нявыяздзе Пачобута з горада?

Аксана Пачобут: “Наколькі я ведаю, ён нічога не падпісаў. Яны паказалі гэтую паперу, там былі чатыры пункты. Тры ён падпісаў, а гэты першы ён сказаў, што падпісваць не будзе, бо гэта яго праца і ён мусіць выязджаць з Гродна. Яго адпусцілі, а потым затрымалі другі раз і прывезлі ў Гродна”.

Еўрарадыё: Дзе яго затрымалі?

А. Пачобут: “У раёне Скідзеля, гэта Гродзенскі раён. Па дарозе ў Мінск. Ён з раёна яшчэ не выехаў, каля Скідзеля яго ўжо затрымалі”.

Еўрарадыё: Калі гэта дакладна было і як надоўга яго змясцілі ў СІЗА?

А. Пачобут: “Затрымалі яго ўчора пасля 10-й гадзіны вечара. І афіцыйна яго затрымалі на трое сутак. У рамках справы крымінальнай, нібыта за тое, што ён перасёк мяжу горада”.

Еўрарадыё: Ці могуць падоўжыць тэрмін затрымання?

А. Пачобут: “Яны могуць працягнуць да суда, меру стрымання змяніць”.


Еўрарадыё: Ці атрымался перадаць перадачу?

А. Пачобут: “Так, яму перадалі па крымінальнай справе, а не так, нібыта, ён сядзіць на сутках”.

Еўрарадыё: Што кажа адвакат і ці збіраецца абскарджваць гэтае затрыманне?

А. Пачобут: “Адвакат размаўляў са следчым. Следчы пакуль нічога такога не кажа, ён нібыта меў права яго затрымаць. Адвакат казаў, што будзе абскарджваць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі