Актывы расійскіх алігархаў могуць пусціць на аднаўленне Украіны

Будынак Еўрапарламента ў Бруселі / go-belgium
Будынак Еўрапарламента ў Бруселі / go-belgium

Актывы расійскіх алігархаў, якія трапілі пад санкцыі, могуць быць скарыстаны для фінансавання аднаўлення Украіны. Абмеркаванне такой магчымасці вядуць улады Еўрасаюзу, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы, якія маюць дачыненне да разгляду пытання.

Паводле інфармацыі выдання, ініцыятыва пакуль знаходзіцца на "вельмі ранняй стадыі", і канчатковае рашэнне яшчэ не прынята. Сярод варыянтаў таксама разглядаецца выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў для выплаты ваенных рэпарацый.

Пасля таго, як Расія напала на Украіну, дзяржавы ЕС, ЗША, Канада і іншыя краіны прынялі некалькі пакетаў санкцыяў.

Зараз Расія лідзіруе ў рэйтынгу краін з самай вялікай колькасцю санкцый у свеце. Ззаду засталіся Іран і Паўночная Карэя. Пад абмежаванні патрапілі і актывы расійскіх алігархаў, сярод якіх кіраўнік "Раснафты" Ігар Сечын, заснавальнік USM Holdings Алішэр Усманаў, уладальнік "Северстали" Аляксей Мардашоў, старшыня праўлення "Газпрама" Алег Мілер і іншыя.

Да прыкладу, толькі адна Італія ў рамках абмежаванняў замарозіла актывы расійскіх бізнесоўцаў на суму каля 780 мільёнаў еўра, заўважае Bloomberg.

Тым часам, у ЗША створана група для пошуку і арышту актываў расійскай эліты на Захадзе.

"Мы працуем з нашымі міжнароднымі партнёрамі над замарожваннем і канфіскацыяй маёмасці, якая належыць расійскім алігархам, якія знаходзяцца пад санкцыямі па ўсім свеце, — заявіў генеральны пракурор ЗША Мерык Гарланд. — Мы будзем працягваць працаваць разам, каб прыняць усе неабходныя меры супраць тых, чые злачынныя дзеянні дазваляюць расійскаму ўраду працягваць сваю несправядлівую вайну супраць Украіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі