Akute: Мы проста аддаліся ва ўладу свайго ўнутранага панк-рока
Пра метафізічную сутнасць і яе ўвасабленне ў новым альбоме “Reaĺnaść i sny” і чаму гэтай пласцінкай гурт сказаў усё, распавядае Раман Жыгараў.
Раніцай 11 красавіка свет убачыў трэці студыйны альбом магілёўскага гурта “Reaĺnaść i sny”. Увечары гэтага ж дня трыа прэзентуе пласцінку ў сталічным клубе Re:Public.
Шчыльна забіты танцпол. Akute 11 свежых трэкаў пра "рэальнасць і сны" чаргуюць з песнямі з папярэдніх пласцінак. Дзве гадзіны няспыннага драйву, вялікая аўтограф-сесія — і мы ў грымёрцы. Раман Жыгараў пагаджаецца больш падрабязна распавесці пра альбом, "да якога няма чаго дадаць".
Раман Жыгараў: Нам здаецца, што мы трапілі, нарэшце, у тую самую мэту, у якую цэлілі ўвесь час існавання Akute. І гэтым альбомам мы гаворым, што сказалі ўсё на дадзеным этапе. Нам асабіста ў ім падабаецца ўсё: і ўвасабленне, і якасць, і нейкая метафізічная сутнасць. Проста так склалася, што гэты альбом стаў для нас сакральным у плане таго, што ён нібыта першы, які атрымаўся.
Еўрарадыё: Параўнай новую працу з папярэдняй.
Раман Жыгараў: Калі параўноўваць з "Не існуе", тут розныя людзі, розныя мэты, розны падыход да гуку. Усе разумеюць, што гукарэжысёры ўсё адчуваюць па-рознаму. І цяпер мы знайшлі таго чалавека, Змітра Іванея з Кіева, які ўсё правільна зразумеў. Мы былі проста настолькі ўражаныя кожным трэкам, які ён дасылаў, што разумелі ўжо ў перыяд запісу-звядзення, што пласцінка стане сапраўднай прыступкай да новага этапу.
Мы проста перасталі думаць пра нейкі style і аддаліся ва ўладу свайго сапраўднага, унутранага панк-рока. Бо мы са Стасам Мытнікам увесь час гралі менавіта панк-рок, мы пачыналі з гэтага яшчэ ў гурце "Глюкі". І цяпер мы ў нейкім сэнсе вяртаемся. Мала таго, што да таго гучання, але і да таго сэнсу, які мы ўкладаем у сваю музыку. І нам цяпер няма чаго нават дадаць да гэтага альбома: ён абсалютна для нас ідэальны.
Еўрарадыё: Ты адчуваеш, што альбом своечасовы?
Раман Жыгараў: Ён своечасовы для гурта, так заўсёды бывае з Akute. Наша фішка ў тым, што мы заўсёды выпускаем альбом, які адпавядае часу гурта. Мы знаходзімся вось на такім этапе. То бок, гэта цяпер сучасныя Akute. Калі шчыра, мы настолькі ў добрым сэнсе спустошаныя гэтым альбомам! Я настолькі рад! Калі ён прыходзіў, калі нам дасылалі трэкі, я быў настолькі рад! Цяпер у мяне не хапае ніякіх сіл і эмоцый рабіць нешта іншае, хаця мы ўжо адрэпетавалі некалькі новых песень.