Алег Трусаў: “І прэзідэнт зменіцца, і яго Міколка загаворыць па-беларуску”

У інтэрв’ю Еўрарадыё старшыня ТБМ адзначыў, што ў Беларусі пачалася замена кіраўніцтва краіны на прабеларускае, а таксама распавёў пра тое, як Уладзімір Канаплёў збіраўся паправіць Закон “Аб мовах”, але раптоўна знік. У нядзелю ў Мінску праходзіць Х з’езд Таварыства беларускай мовы. Напярэдадні яго правядзення Еўрарадыё паразмаўляла са старшынёй арганізацыі кандыдатам гістарычных навук Алегам Трусавым.

“Замена кіраўніцтва краіны на прабеларускае ўжо пачалося”

Алег Трусаў: Магу сказаць, што наша мова перасяляецца з занядбаных калгасных палеткаў на гарадскі асфальт. Яна становіцца элітарнай. У ХХ стагоддзі здарылася ўнікальная рэч: пасля 200-гадовага заняпаду мы атрымалі нацыянальны беларускі горад. Бо яшчэ да Другой сусветнай вайны наш горад не быў беларускім. Было шмат яўрэяў, расіянаў, шмат апалячанай інтэлігенцыі… Пасля ж вайны сітуацыя кардынальна змянілася, і ўсе гарады засялілі беларускія вяскоўцы.

Еўрарадыё: Але ж і беларускага ўсе гэтыя вяскоўцы не надта прагнулі…

Алег Трусаў: Спачатку ўсё беларускае вынішчалася. Носьбіты калгаснай вёскі варожа ставіліся да чужога горада -польскага, яўрэйскага, расійскага, знішчалася архітэктура. Усе гэтыя вяскоўцы літаратурнай беларускай мовы не ведалі, кожны гаварыў на сваім дыялекце альбо стараўся быць гарадскім. Да таго ж пасля вайны ў Беларусь прысылалася небеларускае кіраўніцтва. І найбольшымі русіфікатармі былі армяне, грузіны, яўрэі, якія ў свой час адмовіліся ад свайго. Напрыклад, возьмем Сталіна. Тыповы прыклад ці то грузіна, ці то асеціна, які і ад свайго адмовіўся, і ўсім чужым пагарджаў. І такіх міністалінаў у Беларусі было на кожным кроку.

Еўрарадыё: Чаму гэтая безвыходная сітуацыя не прывяла да поўнага вымірання беларусаў як нацыі?  

Алег Трусаў: Законы гісторыі такія, што сёння ў гарадах трэцяе ці чацвёртае пакаленне жыхароў – гэта ўжо этнічныя беларусы. І, нягледзячы на знешнія прыкметы русіфікацыі, мова стала мовай эліты. Калі раней усіх, хто гаварыў па-беларуску, называлі “бээнэфаўцамі”, то цяпер да цябе ставяцца як да пісьменніка ці мастака. У любым выпадку ты не дзядзя Вася з падшыпнікавага завода. І цяпер мы чакаем палітычных зменаў. Дастаткова, каб кіраўніком дзяржавы стаў чалавек, які будзе па-беларуску гаварыць 24 гадзіны ў суткі, усё стане на месцы. Нават пры гэтым заканадаўстве і гэтым дзвюхмоўі.

Еўрарадыё:
А калі гэтыя палітычныя змены адбудуцца не так хутка?

Алег Трусаў: У гістарычным працэсе яны адбудуцца хутка, таму што жыццё чалавека вельмі нядоўгае. І ў апошнія гады ўжо пачалася змена кіраўніцтва краіны. Раённая эліта – гэта дзеці перабудовы, якім 35-40. Яны хадзілі пад бел-чырвона-белым сцягам. Яны ведаюць Ермаловіча і ведаюць, што Скарына ў Піцеры не тварыў, а працаваў у іншых месцах (смяецца). І гэтыя людзі добра ведаюць беларускую мову. Я з імі часта сутыкаюся. І як толькі Лукашэнка новага кіраўніка прызначыць, хлопца 35-40 гадоў, так адразу з’яўляюцца вуліцы таго ж Сапегі, пачынаюцца фэсты беларускія і гэтак далей. І гадоў няхай праз дваццаць зменіцца і прэзідэнт. І яго Міколка будзе ўжо гаварыць па-беларуску.

“Носьбітаў чыстай рускай мовы ў Мінску засталося каля 5%”

Еўрарадыё: Спадар Алег, як лічыце, з якога перапуду чыноўнікі з аддзела ідэалогіі брэсцкага аблвыканкама ўвялі дні беларускай мовы?  

Алег Трусаў: Гэта натуральная тэндэнцыя, такіх дзён з кожным днём будзе больш і больш. Іх абставіны прымушаюць. Чыноўніцтва на чале з Лукашэнкам зразумела, што такое незалежнасць, значна лепей, чым дзядзя Вася з падшыпнікавага заводу. І ў Расію іх ніяк не загоніш. Яны будуць бараніць свае прыбыткі, свой дабрабыт са зброяй у руках. Днямі Лукашэнка пра гэта адкрыта і сказаў. Бо супраць каго ён збіраецца аўтамат падымаць? Ну, канешне, супраць Расіі. Зразумела, што вораг з Усходу, а не з Захаду. А мова гэта і ёсць фактар ідэнтыфікацыі. І дзякуй богу, што цяпер літаратурная руская мова ў Мінску знікае катастрафічна. Усё больш людзей размаўляюць на трасянцы.

Еўрарадыё: Тым не менш, руская мова чуецца паўсюдна…

Алег Трусаў:
Па маіх дадзеных носьбітаў чыстай рускай мовы ў Мінску засталося 5 працэнтаў. Мяне паправіла газета “Комсомольская правда”. Яны далі іншую статыстыку – 1 працэнт. Мабыць, ім лепш ведаць, бо газета расійская.

“Паправіць закон “Аб мовах” абяцаў Уладзімір Канаплёў, але раптоўна знік”

Еўрарадыё: Да вас прыходзіў ліст з Міністэрства адукацыі. Абяцалі, што Палата прадстаўнікоў зменіць закон “Аб мовах”. Ці праўда гэта?

Алег Трусаў: Справа ў тым, што з 2003 года мы распачалі кампанію аб унясенні зменаў у закон “Аб мовах”. У 1998 годзе пасля славутых рэферэндумаў у гэты закон унеслі папраўкі, якія пярэчаць і рэферэндуму, і канстытуцыі. Гэтыя папраўкі далі права чыноўнікам зусім не карыстацца беларускай мовай. Мы звярнуліся ў Канстытуцыйны суд, У судзе прынялі рашэнне, што Канстытуцыя парушана, і ў закон “Аб мовах” трэба ўносіць праўкі. І вось мы з Палатай прадстаўнікоў ваюем ужо з 2003 года. Яны нас кармілі абяцанкамі, што паправяць гэты закон. Гэтым займаўся Канаплёў, але потым ён раптоўна знік. І без яго “палатка”, якая, дзякуй Богу ўжо ў адстаўцы, адмовілася ўносіць праўкі. Таму на з’ездзе ТБМ мы будзем рыхтаваць новы зварот да Палаты прадстаўнікоў. І будзем збіраць подпісы грамадзян, як гэта мы ўмеем рабіць. Нам трэба дзвюхмоўе зрабіць рэальным, каб усё было на дзвюх мовах. І шыльды, і бланкі, і пашпарты…

Еўрарадыё: Але і сёння многія неспрыяльна ставяцца да беларускай мовы. У крамах, шапіках, міліцыянты.

Алег Трусаў: Пакуль я ўсім настойліва раю: калі што не так, не трэба лаяцца, павышаць голас, папрасіце кнігу скаргаў. Чалавек адразу па-беларуску загаворыць. Усё стане нармальна. Таму кожнаму грамадзяніну трэба не баяцца бараніць свае правы, у тым ліку лінгвістычныя. Патрабуйце кнігу скаргаў, вунь Лукашэнку дзякуй, што ён іх увёў. Там прынцып такі: запіс ёсць – падатковая штраф улупіць, няважна, што ты там запісаў.  

“Чыноўнікі па ідэалогіі прымаюць нас ледзь не з кветкамі”

Еўрарадыё: А калі сфера ўжывання беларускай мовы будзе рэальна пашырацца, вы падтрымаеце сучасную літаратурную мову, то бок “наркамаўку”, ці ўсё ж “тарашкевіцу”?

Алег Трусаў:
З насельніцтвам мы прынцыпова працуем на палепшанай “наркамаўцы”. Мы не можам, напрыклад, выдаваць сваю газету правапісам, які ў школе не вывучаюць. Усе спробы эліты пашыраць “тарашкевіцу” ў гэтай эліце і замыкаюцца.

Еўрарадыё: А якіх гучных акцый ад вас можна чакаць?

Алег Трусаў: Ужо запушчаны праект “Будзьма беларусамі”. Нядаўна мы правялі тры літаратурныя сустрэчы на Лідчыне, дзве сустрэчы ў Дзятлава, дзве сустрэчы ў Баранавічах, дзе запрашалі пісьменнікаў, філолагаў, распаўсюджвалі інфармацыю пра гэту акцыю. Уручалі прызы дзецям, заклікалі іх быць беларусамі. Фактычна мы робім тое самае, што робіць дзяржава, але па-беларуску. І, дарэчы, у многіх раёнах чыноўнікі па ідэалогіі прымалі нас ледзь не з кветкамі…

Еўрарадыё: А ці здаралася, каб вы прывучылі да роднай мовы якую-небудзь аўтарытэтную шышку?

Алег Трусаў: Вось звярнуўся я да кіраўніка Магілёва: “Зрабіце талончыкі і праязныя па-беларуску”. А мне адказваюць: “А нам и с русским языком хорошо”. Тады я бяру цытату Лукашэнкі пра тое, як трэба любіць беларускую мову, і кажу: “У мяне склалася ўражанне, што вы не адпавядаеце пасадзе, якую займаеце, не падзяляеце думку прэзідэнта”. Праз дзесяць дзён мне даслалі беларускамоўны праязны. Праверыў – і сапраўды праязныя ў Магілёве зрабілі беларускамоўнымі. І ўсё нармальна. І такіх цытатаў у нас вельмі шмат.

Еўрарадыё: Спадар Алег, вы ўпэўнілі мяне, што ТБМ арганізацыя ўплывовая. Колькі ў вас сяброў, як можна стаць вашым актывістам?

Алег Трусаў: Сяброў у нас па-рознаму. Тыя, што плацяць складкі, унесеныя ў камп’ютар, маюць пасведчанне, іх прыкладна 5,5 тысяч. Насамрэч людзей у нас больш, чым ва ўсіх беларускіх палітычных партыях разам узятых. І самыя нашы гучныя справы яшчэ наперадзе…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі