Алесь Марачкін: Арыштаваную карціну "Нашы лялькі" могуць знішчыць

Легендарную карціну мастака Алеся Марачкіна "Нашы лялькі" могуць знішчыць. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сам яе аўтар.
Нагадаем, напярэдадні Дня волі ў майстэрню мастака ўварваліся спецназаўцы, якія забралі карціну "Нашы лялькі" і падрыхтаваныя да вулічнай акцыі плакаты, быў затрыманы і Марачкін, якога на 5 сутак кінулі за краты.

Карціна была напісаная ў 1997 годзе ў стылі беларускай народнай батлейкі. На ёй змешчана група персанажаў беларускай улады, многія з якіх пазнавальныя. Учора Алеся Марачкіна выклікалі ў міліцыю Цэнтральнага раёна сталіцы.

Вось што ён кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё:

"Гэта пачынаюць раскручваць такім чынам, нібыта, хочуць падвесці пад абразу прэзідэнта. Даруйце! Няўжо шаржы, малюнкі, якія, дарэчы, друкаваліся і раней - гэта ёсць абраза?! Што тады, толькі маляваць галоўнага начальніка з німбам над галавою?"

Акрамя таго, праваахоўнікамі рыхтуецца экспертыза такіх лозунгаў, як "Жыве Беларусь", "Беларуская мова - наша зброя", "Будзьма беларусамі" і самой карціны. Лёс "Нашых лялек", якія працягваюць знаходзіцца пад арыштам, няпэўны.

Гаворыць Алесь Марачкін:

"Яны як бы пагражаюць мне, што пасля суда ці пасля экспертызы яны знішчаць гэтыя творы, і карціну таксама".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі