Алесь Міхалевіч з'ехаў за мяжу, сям'я засталася
У сваім блогу ўначы ён напісаў што знаходзіцца "ў надзейным месцы, не ў зоне дасягаймасці беларускага КДБ".
Палітык Алесь Міхалевіч, магчыма, выехаў за мяжу. Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты правёў два месяцы ў следчым ізалятары КДБ і ў СІЗА на Валадарскага, быў вызвалены пад падпіску пра нявыезд 19 лютага. Праз нейкі час на прэс-канферэнцыі ў Мінску Міхалевіч заявіў, што за кратамі яго катавалі. Каб выйсці на волю і распавесці пра гэта, ён быў вымушаны пагадзіцца на супрацоўніцтва з КДБ, заявіў палітык.
У сваім блогу Алесь Міхалевіч піша: "Мяне выклікаюць для правядзення следчых дзеянняў у КДБ. Я маю абгрунтаваныя падставы меркаваць, што з будынка КДБ ужо не выйду. Таму мяне ў КДБ не будзе. Зараз я знаходжуся ў надзейным месцы, не ў зоне дасягаймасці беларускага КДБ. Збіраюся працягваць працу над спыненнем катаванняў і вызваленнем усіх, хто незаконна ўтрымліваецца па паліт матывах".
Як паведамляе сайт Руху "За Свабоду", Алесь Міхалевіч выехаў з Беларусі ўначы і супрацоўнікі спецслужбаў не здолелі гэтага адсачыць. "Дарога ў “надзейнае месца” заняла амаль суткі. Сям’я (жонка і дзве дачкі) засталіся ў Беларусі", — інфармуе pyx.by.
Фота — bymedia.net