Алесь Пушкін сёння правядзе перфоманс у Варшаве

Шэраг імпрэз, прысвечаных Беларусі, праходзяць сёння ў Варшаўскім універсітэце. "Цвіком" стане перфоманс Алеся Пушкіна, падрабязнасці якога трымаюцца ў таямніцы.


Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё студэнт Варшаўскага ўніверсітэта і сябра ініцыятывы "Вольная Беларусь" Аляксей Буранок, перфоманс пачнецца а 18-й гадзіне па польскім часе (19-я па беларускім). "Неспадзяванка будзе", — сказаў ён.


Пасля гэтага пройдзе дыскусія і прагляд фільма, прысвечанага сітуацыі ў Беларусі. Ужо цяпер ва універсітэце праходзіць фотавыстава беларускіх гарадоў, на якой найперш прадстаўленыя Гродна і Віцебск. Беларускія студэнты частуюць палякаў беларускімі стравамі. Таксама чытаюцца па-беларуску і па-польску вершы Рыгора Барадуліна і Андрэя Хадановіча.

Таксама праводзіўся конкурс малюнкаў, прысвечаны Беларусі, у якім удзельнічалі польскія студэнты. Яны спрабавалі адлюстраваць сваё успрыняццё Беларусі. Як распавядае Аляксей Буранок, былі малюнкі палітычныя, з бел-чырвона-белымі сцягамі, напамінам пра польскую салідарнасць, а былі і "лясныя пейзажы з хаткамі" — так, відаць, уяўляюць Беларусь палякі.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі