Аляксандр Фядута: Трэба перапраграмаваць машыну, якая кіруе краінай

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута ў інтэрв'ю Еўрарадыё кажа, што не варта чакаць чарговых адставак вышэйшых службовых асобаў, бо яны нічога не мяняюць у сістэме ўлады. Ён мяркуе, што сітуацыю можа змяніць толькі перапраграмаванне "машыны, якая кіруе краінай". Нагадаем, Аляксандр Фядута летась у інтэрв'ю Еўрарадыё прадказаў "буйную і гучную адстаўку" Віктара Шэймана. Цяпер жа ад далейшых прагнозаў Фядута ўстрымліваецца і не бачыць у іх сэнсу.

Ён кажа, што адыход той ці іншай постаці, якая была побач з Лукашэнкам, нічога не мяняе. За час кіравання Аляксандра Лукашэнкі змяніліся кіраўнікі ўсіх раёнаў Беларусі, некаторыя двойчы - і нічога.

Фядута: "Ад таго, што змянілі Шэймана ці Нявыгласа, нічога не змянілася. Таму што краінай кіруе пэўная машына, якая запраграмаваная на выконванне загадаў, якія аддае кіраўнік дзяржавы. Гэта адзіная крыніца ўлады ў краіне".

Паводле Аляксандра Фядуты, якраз мусіць змяніцца гэтая "машына кіравання", таму што "не можа быць адзінай крыніцы ўлады, не можа быць адзінага кіраўнічага цэнтра ў дэмакратычным грамадстве".

Дарэчы, паводле мінулагодняга прагнозу Фядуты, Шэйман найхутчэй будзе працаваць далей амбасадарам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі