Аляксандр Мілінкевіч рыхтуецца да выбараў "пасля сыхода ўлады"?

Карняенка будзе ўгаворваць Мілінкевіча ўсур’ёз змагацца на бліжэйшых выбарах, Раманчук раіць яму не займацца псеўдапалітыкай і сыйсці з дыстанцыі, Рымашэўскі назваў заявы лідэра руху “За свабоду” стратэгічнай памылкай, а Міхалевіч слоў Мілінкевіча не пачуў.
На абласной канферэнцыі дэмакратычных сіл у Магілёве Аляксандр Мілінкевіч агучыў, што сёння з’яўляецца галоўным для дэмакрытычных сіл краіны – падрыхтоўка да тых прэзідэнцкіх выбараў, якія будуць прызначаныя пасля таго, як улада вымушана будзе сыйсці. Праўда, не ўдакладніў, калі, па яго меркаванні такія выбары могуць адбыцца. Але дадаў, што зараз выбараў усё адно не будзе, ніхто не стане сапраўды лічыць галасы.

Намеснік лідэра руху “За свабоду” Віктар Карняенка згодны, з тым, што прэзідэнцкія выбары не будуць дэмакратычнымі. Але і здавацца ён Мілінкевічу не раіць.

Віктар Карняенка: “Умовы для дэмакратычных выбараў, безумоўна, не падрыхтаваны. Няма заканадаўчых гарантый на дэмакратычныя працэдуры і гэтак далей. Але я думаю, што ў бойку трэба ўвязвацца з вельмі сур’ёзным настроем. Таму я не падзяляю такую думку, што на гэтых выбарах нічога не будзе вырашацца, а вот на наступных... Тут, магчыма, мы разыходзімся. Я буду настройваць, наколькі гэта магчыма, спадара Аляксандра на вельмі сур’ёзную барацьбу”.



Не згодны без бою аддаваць гэтыя выбары і прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў: “Адназначна скажу, што падыход да гэтай выбарчай кампаніі ў нас цалкам сур’ёзны. Тым больш, што партыя доўгія гады ўсур’ёз не ўдзельнічала ў выбарчых кампаніях. Таму падыход вельмі сур’ёзны, і мы настроеныя на перамогу”.



А намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук раіць Мілінкевічу з такім настроем увогуле адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкім марафоне, не займацца псеўдапалітычнай актыўнасцю і не падманваць людзей.

Яраслаў Раманчук: “Гэта велізарная памылка Аляксандра Мілінкевіча — што ён не збіраецца ўсур’ёз удзельнічаць. Лепш яму ўвогуле сысці і не падманваць людзей. Ісці проста, каб “сагрэцца” і падмануць людзей — гэта несумленна і проста сорамна”.



І патлумачыў, чаму пазіцыя лідэра руху “За свабоду” падаецца яму непрымальнай.

Яраслаў Раманчук: “На гэтых выбарах мы маем велізарны шанец перамагчы, прымусіць улады да капітуляцыі, да таго, каб лічыцца з дэмакратычнымі сіламі. І тым людзям, якія выкарыстоўваюць гэтую кампанію для нейкіх сваіх прыватных мэтаў, я б параіў рабіць гэта ў межах грамадскіх ініцыятыў. Гэта было б больш сумленна”.

Падтрымаў калегу і кандыдат на прэзідэнцкую пасаду, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі: “Немагчыма займацца нейкай справай не ўсур’ёз. Асабліва калі ты займаешся палітыкай і ідзеш да людзей. Калі мы ідзем на прэзідэнцкія выбары, то, мякка кажучы, няправільна і памылкова казаць пра нейкія наступныя выбары. Гэта стратэгічная памылка, і яе робяць некаторыя кандыдаты. Такая пазіцыя вельмі слабая, і яна асуджаная на паразу. Трэба ўсур’ёз змагацца тут і цяпер. Калі мы ідзем на прэзідэнцкія выбары, то ідзем, каб змагацца за ўладу”.



На гэтай канферэнцыі ў Магілёве прысутнічаў і яшчэ адзін палітык з прэзідэнцкімі амбіцыямі — Алесь Міхалевіч. Праўда, палітык запэўніў, што такога выказвання Мілінкевіча не чуў. Як не чуў нічога падобнага і ад іншых палітыкаў, якія заявілі аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай гонцы. Сам ён сур'ёзна ставіцца да кампаніі і ўпэўнены, што 20% выбаршчыкаў аддадуць за яго свае галасы.

Алесь Міхалевіч: “Я заўсёды казаў, што гэтыя выбары вельмі важныя і што з’яўляюцца шанцы перамагаць на гэтых выбарах”.



А вось лідэр ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч увогуле адмовіўся размаўляць на сур’ёзныя тэмы. Ён зараз у адпачынку, наведвае дачку і ўнукаў, што пастаянна жывуць у Нямеччыне, і таму часова палітыка яго не хвалюе.

Пасля апублікавання гэтага матэрыяла на нашым сайце , лідэр руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч быў у эфіры Еўрарадыё. Дзе патлумачыў, што насамрэч ён меў на ўвазе, кажучы пра ўдзел у выбарах "пасля сыхода ўлады" і ў чым яго не так зразумелі. Выступ Мілінукевіча чытайце на нашым сайце праз непрацяглы час.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі