Амбасадар Расіі: дэ-факта нафта ў Беларусь будзе пастаўляцца без прэмій

Амбасадар Расіі: дэ-факта нафта ў Беларусь будзе пастаўляцца без прэмій

Расія прыняла амаль усе ўмовы Беларусі наконт паставак нафты. Пра гэта амбасадар Расіі ў Мінску Дзмітрый Мезенцаў паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ, якое выйшла ў эфір увечары 5 красавіка. 

Як вядома, з 1 студзеня асноўныя расійскія нафтавыя кампаніі адмовіліся ад паставак сыравіны ў Беларусь. Прычынай стала тое, што афіцыйны Мінск адмовіўся плаціць ранейшыя прэміі пастаўшчыкам. Пастаўкамі нафты ў Беларусь з 4 студзеня займалася група кампаній Міхаіла Гуцарыева "Сафмар". Таксама Беларусь купляла нафту ў Азербайджана і невялікіх расійскіх кампаній. 

Перамовы з расійскім бокам працягваліся ўвечь час. Некалькі дзён таму было абвешчана, што пастаўкамі нафты ў нашу краіну зоймуцца традыцыйныя пастаўшчыкі. Па словах прэм'ер-міністра Сяргея Румаса, гаворка ідзе пра кошт у 4 долары за барэль. Пры гэтым прэміі расійскім кампаніям Беларусь плаціць не плануе, а іх аплоціць расійскі бок па міжбюджэтных разліках.

У сваім інтэрв'ю Мезенцаў пацвердзіў словы Румаса. "Расія прыняла практычна ўвесь пакет прапаноў запыту (не кажу просьбы — запыту) беларускага боку — гэта абсалютная праўда. Дэ-факта нафта будзе пастаўляцца без прэмій", — паведаміў дыпламат. 

Ён нагадаў, што раней паміж Беларуссю і Расіяй кошт нафты вызначаўся паводле складанай формулы, якая ўлічвала кошты ў шэрагу рэгіёнаў Еўропы. "Але потым падумалі, што, можа быць, з прагнозам зніжэння сусветнага кошту будзе больш выгадна ад формулы адысці і ўперціся ў сусветны кошт. Ну, напэўна, такі быў запыт беларускага боку. Натуральна, расіяне пагадзіліся — давайце па сусветным кошце", — апісаў сітуацыю Мезенцаў.

Ён не выключыў, што будзе перагледжаны і кошт на пастаўкі газу ў Беларусь. Пагатоў, што кошт газу, як правіла, прывязаны да кошту на нафту, і цяпер яго цана на сусветным рынку таксама зніжаецца.

"Але калі падпісана пагадненне — яно павінна выконвацца. Ніхто не сказаў, што бакі не могуць сесці за стол перамоваў, пераасэнсаваць. Але пры гэтым таксама і скажу, што ніхто не дазваляе пагадненне падпісанае не выконваць", — перасцярог расійскі амбасадар. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі