"Амкадор" падпісаў у Кітаі кантракты на 400 мільёнаў долараў
Холдынг "Амкадор" падпісаў у Кітаі кантракты на 400 мільёнаў долараў. Адбылося гэта падчас нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў КНР. У склад дэлегацыі ўваходзілі і кіраўнікі "Амкадора".
Паводле слоў дырэктара па інавацыях і інвестыцыйных праектах холдынга Ігара Каюды, агулам падпісаныя тры кантракты. Адзін з іх на суму каля $230 млн — на будаўніцтва завода "Амкадор-МАШ", яшчэ два кантракты — на мадэрнізацыю заводаў у Кобрыне і Гомелі.
Прэс-служба "Амкадора" адзначае, што ў бліжэйшы час на тэрыторыі Беларусі можа быць створана яшчэ некалькі сумесных вытворчасцяў з удзелам прамых кітайскіх інвестыцый. Як вядома, у структуры холдынга налічваецца два дзясяткі прадпрыемстваў. "Амкадор" — буйны вытворца дарожна-будаўнічай, камунальнай, лясной, спецыяльнай, сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання.