Анатоль Горбач: Запомніце! Пасрэдны бубнач — пасрэдны гурт!
Былы ўдарнік “Крамы”, які цяпер жыве ў Бельгіі, правёў “сямейны” майстар-клас у Мінску.
Анатоль Горбач даволі часта прыязджае ў Беларусь да бацькоў, сустрэцца з сябрамі, але дагэтуль ні разу не ладзіў майстар-класаў. Ідэя нараджаецца пасля працы над сольным альбомам гітарыста Сяргея Трухановіча “Шлях да мора”.
“Сяргей прапанаваў мне сыграць яго песні нажыва, — тлумачыць Анатоль Горбач. — Для гэтага нам не патрэбныя рэпетыцыі, бо два гады таму я запісваў яго песні, ведаю іх і плюс — мы з Сяргеем ужо сыграныя. Ну, а каб атрымаўся паўнавартасны канцэрт, мы вырашылі дадаць мой майстар-клас. Бо я ўжо даўно хачу падзяліцца сваімі ведамі, якія атрымаў падчас музычнай дзейнасці і ў Беларусі і ў краінах Еўропы”.
На майстар-клас у родным Барысаве Анатоль збірае каля двухсот чалавек. У Мінску павучыцца ў экс-бубнача “Крамы”, Rouble Zone, “Песняроў” прыходзяць ад сілы трыццаць чалавек, сярод якіх палова — студэнцкія сябры музыкі.
“Я з дзяцінства слухаў гурты, у якіх граў Анатоль Горбач, — захапляецца бубнач гурта “Рокаш” Мікіта. — Можна сказаць, што музыкай і барабанамі я пачаў займацца дзякуючы музыцы “Крамы” і Rouble Zone. Але бар “Графіці” не падыходзіць для майстар-класаў. Для такога бубнача трэба было здымаць малую залу кансерваторыі. Каб быў добры гук. А ў такім маленькім памяшканні, з такімі барабанамі паказаць увесь спектр майстэрства — немагчыма”.
Тым не менш, Мікіта цалкам задаволены і прызнаецца, што моцна зарадзіўся энергіяй і жаданнем прафесійна расці. Яшчэ б! Майстар-клас пачаўся са словаў: “Запомніце! Пасрэдны бубнач — пасрэдны гурт!”. З такой адказнасцю неабходна развівацца!
Закрывае вечар джэм з усімі прысутнымі музыкамі. Гітарыст “Песняроў” (ВІА пад кіраўніцтвам Леаніда Барткевіча) Віктар Навумік забываецца ўзяць гітару, але ўсё адно не ўтрымліваецца і выходзіць на сцэну ў ролі вакаліста, падглядаючы тэкст песень у тэлефоне. Экс-басіст J:Mopc Аляксей Зайцаў некалькі хвілін вагаецца, але ўсё ж ляціць за гітарай, падключае і каля гадзіны ў Графіці няспынна джэмуюць дзве бас-гітары, труба, гітара, і барабаны. Прычым, стомленага Горбача за ўстаноўкай замяняе Міхаіл Пенда.
“Мая відэашкола для музыкаў з досведам ігры на ўдарных інструментах выйдзе наступным летам, — абяцае Анатоль Горбач пераапранаючыся пасля выступу. — Яна ўжо цалкам распрацаваная, запісаныя ноты, засталося толькі запісаць яе ў прафесійнай студыі. Відаць, давядзецца рабіць гэта ў Беларусі, бо прафесійныя музыкі на захадзе шмат каштуюць. А ў Беларусі ўзровень музыкаў не горшы за еўрапейскі, да таго ж, мне будзе прыемна зрабіць гэта з сябрамі. Так бы мовіць, сумясціць прыемнае з карысным”.
Майстар-клас Анатоля Горбача даволі спантанны і па-сямейнаму лёгкі. Але на развітанне сам музыка абяцае, што ў наступным годзе паспрабуе паставіцца да яго арганізацыі сур’ёзней: з рэкламай і дакладнай праграмай.