Анатоль Лябедзька: Не трэба працаваць толькі на акцыі

"Еўрарадыё" звярнулася па каментар сённяшняй акцыі "Еўрапейскі марш" да лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Вось што ён сказаў:

"Няма адназначнай ацэнкі. Усё трэба пакласці на шалі вагаў. На адзін бок можна пакласці, што сёння быў такі “разгул дэмакратыі” на вуліцах Мінску.

І як пазітыў я адзначаю, што сёння мы прайшлі па тым маршруце, на які мы падавалі заяўку, нягледзячы на тое, што нам у гэтым было адмоўлена – ад пляца Кастуся Каліноўскага да Акадэміі навук. Гэта пазітыў.

Даволі шмат было людзей, хаця ненастолькі, каб гаварыць, што еўрапейская тэма стала дамінуючай у грамадстве. І гэта з’яўляецца пацверджаннем таго, што не трэба працаваць на акцыі, а трэба працаваць у рамках кампаніі і штодзённа.

Але разам з тым, што дрэнна, я адзначаю, што сёння знаходзяцца ў турме два кіраўнікі нашай абласной арганізацыі, двух гарадскіх арганізацый, дзесяткі людзей не здолелі прыехаць на “Еўрапейскі марш”. Гэта негатыў.

А ў цэлым, няблага, відаць, на перспектыву. Трэба і далей працаваць, працаваць з гэтай тэмай, трэба яе рыхтаваць да выбарчай кампаніі. І тэма "еўрарамонту беларускага дома" можа быць часткай паслання да беларускіх грамадзян і выбаршчыаў".


Анатоль Лябедзька
пракаментаваў і раскол дэманстрантаў, які назіраўся сёння:

"Сёння быў такі фармат акцыі, які, я мяркую, задаволіў усіх. Хто хацеў прыйсці адразу на пляц Каліноўскага, той туды прыйшоў. Той хто хацеў прайсці далей па вуліцы і пахадзіць нават і па праезджай частцы, таксама задаволіўся.

Нехта, хто меў жаданне, мог пайсці і ў бок Бангалора. Таму, я думаю, што кожны задаволіў свае пажаданні. Як гэта разглядаць? Я ўсё ж такі прыхільнік камандных дзеянняў і калі прымаюцца нейкія рашэнні, каб яны былі агульнымі для ўсіх.

Я разумею, што нейкая частка акцыі павінна быць, як "абавязковая праграма". А вось што датычыць "арыгінальнай праграмы", дык пасля кожны можа задаволіць свае патрэбы і ў экстрыме, і ўсім астатнім.

Я думаю, што сёння было вельмі важна замацаваць безканфліктны характар акцыі. Таму я не быў прыхільнікам таго, каб людзі выходзілі на праезджую частку.

Калі ў цябе ёсць мажлівасць ісці па маршруце, які ты хочаш і табе ніхто не перашкаджае, гэта трэба выкарыстоўваць. Быў бы дрэнны варыянт, каб людзей там збілі...

Разам з тым, трэба рабіць праўку на тое, што людзі абсалютна розныя: розны ўзрост, розныя адносіны і ацэнка да сітуацыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі