Андрэй Саннікаў сустракаецца з выбаршчыкамі на мінскіх рынках
Кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў правёў учора сустрэчу з выбаршчыкамі ў гандлёвым цэнтры “Экспабел”. Паводле інфармацыі сайта Хартыя’97, прадпрымальнікі, супрацоўнікі гандлёвага цэнтра і наведнікі ўвесь час падыходзілі да намёту з бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі “Еўрапейскай Беларусі”. Разам з Андрэем Саннікавым на сустрэчы былі яго давераныя асобы. Сам палітык лічыць, што цяпер ёсць сэнс прысутнічаць у самых шматлюдных месцах, дзе прысутнічае вельмі добры зрэз людзей, прадстаўнікі літаральна ўсіх слаёў насельніцтва. З яго словаў, людзі задавалі пытанні, якія іх хвалявалі. Яны казалі пра праблемы з заробкамі, пенсіямі, медабслугоўваннем. Пераважная большасць людзей сапраўды верыць у перамены і спадзяецца, што гэтым разам Беларусь свой шанец не ўпусціць, кажа Андрэй Саннікаў.