Андрэй Тур: забастоўкі пакуль няма, вось 10-га будзе

Як даведалася Еўрарадыё, прадпрымальнікі не бастуюць, яны адпачываюць. У першы тыдзень пасля Новага года беларусы сутыкнуліся з праблемамі: на рынках не купіць прадуктаў – большасць гандлёвых кропак не працуюць; на некаторых транспартных напрамках былі перабоі з маршрутнымі таксоўкамі. Ці можна разглядаць гэтую сітуацыю як забастоўку прадпрымальнікаў, не ведае нават старшыня савету прадпрымальнікаў гандлёвых цэнтраў сталіцы “Еўропа” і “Паркінг” Кацярына Чыжык:

“У гандлёвых цэнтрах працэнтаў 50 працуе. Вельмі цяжка зразумець. То яны кажуць, што бастуюць, то яны кажуць, што аформілі адпачынак і пакуль робяць дакументы. Канкрэтнай інфармацыі няма. Яны напісалі на дзвярах: па тэхнічных прычынах. Калі б яны напісалі: бастуем ці адпачынак… Але ж напісана: па тэхнічных прычынах”.

Кацярына Чыжык не можа дакладна сказаць, колькі прадпрымальнікаў аформілі адпачынак. А вось на Чыжоўскім рынку нам сказалі, што амаль усе ІПэшнікі на працу выйшлі:

“Усе амаль што выйшлі. Некаторыя проста ўзялі адпачынак і не аплочваюць месцы. Проста студзень – нехадавы месяц. І таму шмат хто з прадпрымальнікаў не гандлюе ў студзені. А так у нас ніякіх асаблівых сітуацыяў няма”.

Што тычыцца маршрутак, то кіраўнік аддзелу падрыхтоўкі конкурсаў і дагавораў дзяржпрадпрыемства “Сталічны транспарт і сувязь” Валер Сасіноўскі распавёў Еўрарадыё, што праблемы існуюць толькі на маршрутах, дзе працуюць ІПэшнікі. Ды і тое, гэта звязана з перарэгістрацыяй:

“Гэта ж не проста так: прыйшоў, памяняў дакументы, і ўсё. У ДАІ запытайце, чаму яны толькі раз на тыдзень праводзяць перарэгістрацыю дзяржнумароў. Потым у выканкамах пакуль яны нумар падаткаплацельшчыка атрымаюць, пакуль яны рахунак адкрыюць… Ну, самае меншае гэты чатыры дні праходзіць. Вось і набягае, што некаторыя прадпрымальнікі тыдзень не працуюць. Ды ніхто не бастуе, што вы!”

Спадар Сасіноўскі запэўніў Еўрарадыё, што хутка сітуацыя з маршруткамі выправіцца, ды й цяпер яна не крытычная:

“Прынамсі, у мяне сёння было толькі два званкі з гэтай нагоды ад пасажыраў. Яны скардзіліся, што машыны прыйшлі крыху пазней, чым звычайна. Усё пойдзе сваёй каляінай. І калі й ёсць нейкія праблемы, то гэта толькі на асобных маршрутах”.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур таксама лічыць, што да 10 студзеня гаварыць пра забастоўку рана, пакуль гэта толькі чуткі:

“Я думаю, што чуткі пускаюць не прадпрымальнікі, а тыя, каму гэта выгадна. Я не выключаю моманту, што хтосьці пачаў ужо раскручваць і сябе, і сваю палітычную платформу, і свае амбіцыі. З пункту гледжання забастовак пакуль нічога няма. Вось 10-га будзе. Там заклікаюць да забастовак, вось 10-га студзеня і паглядзім”.

Так што зачыненыя гандлёвыя кропкі – хутчэй за ўсё проста сведчанне таго, што прадпрымальнікі адпачываюць. Пра забастоўку можна будзе казаць, толькі калі ІПэшнікі выйдуць на вуліцу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі