“Ансаўнд” : разам з інструментамі музыкі гралі напільнікамі і анучкамі
Польскі “Ансаўнд” распачаў Мэт Шульц, аўстраліец па паходжанні, які ўжо больш за дзесяць гадоў жыве і працуе ў Кракаве:
Мэт Шульц: “Я распачаў “Ансаўнд” у Кракаве пяць гадоў таму. Гэты фэст – мікс клубнай, эксперыментальнай, інавацыйнай музыкі. Але мы працуем не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах: у Беларусі, а таксама Ўкраіне, Чэхіі, Славакіі. Наступны фэст адбудзецца ў Нью-Ёрку. Мінск, дарэчы – гэта другое на значнасці месца пасля Кракава, дзе мы арганізуем “Ансаўнд”. Гэты фэст мусіць звязаць заходнюю і ўсходнюю культуры. У 2004 годзе ў Кракаў мы запрасілі музыкаў з Беларусі, Украіны і Літвы.”
Менавіта на “Ансаўндзе” 2004 года беларускі ды-джэй Уладзіслаў Бубен пазнаёміўся з Мэтам Шульцам. Так з’явілася ідэя рабіць фестываль у Мінску.
Бубен: "Я выступаў у Кракаве на "Ансаўндзе". У Кракаве фестываль доўжыцца 4-5 дзён, там больш сцэн, больш музыкаў, больш дыскусій і больш майстар-класаў. Я паразмаўляў з арганізатарамі, і мне прапанавалі рабіць яго тут. У іх былі некаторыя перасцярогі наконт арганізацыі, наконт таго, як успрыме публіка і г.д., але пасля першага “Ансаўнду” гэтыя перасцярогі зніклі".
Галоўны арганізатар бачыць "Ансаунд" як незалежны і адкрыты ўсяму новаму праэкт.
Бубен: “Мы спрабуем пазіцыянаваць сябе як фестываль незалежнай электроннай музыкі, інтэлектуальнай электроннай музыкі плюс заўсёды існуе сцэна, дзе выконваецца незалежная музыка.
Бубен аформіў праект, на які адгукнуўся Шведскі Інстытут у Мінску. Такім чынам адным з арганізатараў, які дапамог “Ансаўнду” ажыццявіцца, стаў Мортэн Франкбю, дырэктар Шведскага інстытута.
Спадар Мортэн: "Мэт звярнуўся да мяне з адным беларускім музыкай Уладам Бубенам. Яны хацелі даведацца пра магчымасці запрасіць музыкаў са Швецыі. Я даведаўся аб гэтым праекце, мне стала вельмі цікава. Я як прадстаўнік Шведскага інстытута распавёў у Стакгольме пра гэтую ідэю, і ім спадабалася. І я дамовіўся, каб пара музыкаў са Швецыі прыехалі сюды".
Галоўным госцям са Швецыі стаў Герман Мюнтзінг. Ён уразіў незвычаных апаратам, на якім граў двума напільнікамі ды анучкай. Дзякуючы такім эксперыментам, нашыя музыкі па-новаму зірнулі на сваю творчасць. Разам з тым мяняецца і слухач, бо там, дзе ёсць новая музыка, ёсць і новыя людзі.
На “Ансаўндзе” можна было ўбачыць прадстаўнікоў замежных інстытутаў, нефармальных замежных музыкаў, рознапланавых беларускіх ды-джэяў, заядлых тусоўшчыкаў, а таксама людзей, якія ніколі не ходзяць па клубах і проста сябруюць са Шведскім інстытутам.
Лена: “Аб гэтым мерапрыемстве мы даведаліся ў Шведскім інстытуце. Да нас прыходзіў музыка са Швецыі і вельмі зацікавіў нас. І мы прыйшлі сюды паслухаць ягоную музыку.”
Беларускіх аматараў электроннай музыкі замежныя госці ацанілі на выдатна:
Мотрэн Франкбю: “Беларуская моладзь больш цікаўная за шведскую, больш цікавіцца ўсім, што звязана з іншымі краінамі і людзьмі. У Швецыя моладзь больш пасіўная.”
Мэт Шульц: "Мы праводзілі “Ансаўнд” у Браціславе, і ён не меў такога паспеху. Мясцовыя арганізатары былі не такія добрыя, як арганізатары ў вас тут. І публіка тут вельмі энергічная, і людзям вельмі цікава паслухаць новыя накірункі музыкі”.
Стэфан Бетке (ака Поле): "Мінская публіка поўная энтузіязму, вельмі адкрытая да новага і любіць слухаць розную музыку".