Апазіцыйнага кандыдата не пусцілі на сустрэчу канкурэнта з выбаршчыкамі
Увечары 16 красавіка кандыдата ў дэпутаты Мінскага раённага савета ад руху “Маладая Беларусь” Паўла Пракаповіча не пусцілі на сустрэчу з выбаршчыкамі, якую ладзіў ягоны канкурэнт, палкоўнік міліцыі Аляксандр Дзмітрук. Абодва кандыдаты балатуюцца па Бараўлянскай выбарчай акрузе. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч. Сустрэча праходзіла ў сельскім доме культуры ў пасёлку Лясны. На ёй прысутнічалі тры мясцовыя жыхары. Калі прыйшоў Павал Пракаповіч, падпалкоўнік міліцыі, які суправаджаў Дзмітрука, папрасіў апазіцыйнага кандыдата “выйсці па-добраму”. Падпалкоўнік не захацеў прадставіцца. Па яго меркаванні, Пракаповіч мог выкарыстаць інфармацыю, атрыманую на сустрэчы, у сваёй перадвыбарчай агітацыі.