“Аперацыя “Новы год” працягваецца
Жыхары Віцебска, што набылі квіткі на шоў “Аперацыя “Новы год”, якое не адбылося, падалі калектыўныя скаргі ў пракуратуру, міліцыю і губернатару Касінцу.
Абураныя людзі патрабуюць, каб адміністрацыя віцебскага Лядовага палаца вярнула грошы за "відовішча". Вывешаны на дзвярах палаца "кантактны тэлефон" сёння чамусьці не адказваў, паведамілі «Народным навінам Віцебску» пакрыўджаныя гледачы.
Адказала пакуль толькі пракуратура, паабяцаўшы заўтра праінфармаваць, ці будзе распачынаць крымінальную справу.
Нагадаем, што скандал выклікаў паказ "з элементамі махлярства" гастралёраў з Кастрамы. У афішах відовішча апісвалася, як шоу з удзелам ліліпутаў і экзатычных звяроў (у іх ліку — нейкія фантастычныя "оркі" і турантоты"). Калі на арэне з'явіліся толькі некалькі сабак і клоўнаў у падазроным стане, выступ прыйшлося спыніць, а наступныя паказы адмяніць.
Падаўцы скаргаў, а гэта 55 чалавек, маюць цвёрды намер дамагчыся справядлівасці. Калі заўтра яны не атрымаюць станоўчага адказу з пракуратуры, то маюць намер звярнуцца да кіраўніка дзяржавы.