Аплата за навучанне павысілася больш чым на паўмільёна

Павышэнні коштаў закранулі некалькі прэстыжных ВНУ краіны – БДУ, БДЭУ і БНТУ. У многіх іншых навучальных установах павышэння аплаты чакаюць у канцы навучальнага года.  Для некаторых студэнтаў навіна стала ўдарам. У сярэднім кошты навучання ў тым жа БДУ і эканамічным універсітэце павысіліся на 20%.  

“Новыя кошты на навучанне зацвердзілі з першага лістапада, – кажуць у бухгалтэрыі БДУ. – У пачатку гэтага тыдня быў падпісаны загад аб павышэнні аплаты. Кошты павысіліся на ўсіх факультэтах, у сярэднім на 20 працэнтаў”.

У бухгалтэрыі растлумачылі, што павысіць плату за навучанне было неабходна для таго, каб выплаціць заробкі выкладчыкам.  

“З першага лістапада павялічылася тарыфная стаўка першага разраду для бюджэтных арганізацый, – працягваюць тлумачыць у бухгалтэрыі. – Так у нас павялічваюцца заробкі выкладчыкам, а яны ўключаныя ў кошт навучання”.

На такіх факультэтах БДУ, як філасофіі і сацыяльных навук, міжнародных адносінаў, журналістыкі кошты дзённага навучання ўзляцелі на 500-600 тысяч беларускіх рублёў.

З пытаннем “ці падымуцца кошты ў вас?” мы звярнуліся ў іншыя прэстыжныя ВНУ.

“Як? Аплата ўжо паднялася! – абразіліся на пытанне у бухгалтэрыі БНТУ. – Значыцца так: аплата за год у сярэднім паднялася на 708 тысяч”.

Студэнт-платнік будаўнічага факультэта БНТУ Сяргей расказаў Еўрарадыё, што многія небагатыя студэнты імкнуцца перавесціся на завочку – там кошты ўдвая меншыя.

“Кожны год павышэнні! Грошы зараз і так невядома куды дзяюцца, а такую аплату зрабілі – гэта зусім дрэнна, – скардзіцца Сяргей. – Лічыцца, чым больш мы будзем плаціць, тым больш нашую адукацыю будуць лічыць еўрапейскай. Але ж гэта не так. Многія студэнты не пацягнуць такую аплату, крэдыт падчас фінансавага крызісу ўзяць таксама няпроста. Некаторыя студэнты паспрабуюць перайсці на завочку пры першай магчымасці”.

Апроч БДУ і БНТУ павышэнне аплаты адбылося і ў эканамічным універсітэце (БДЭУ).

Плату за навучанне паднялі і ў некаторых іншых універсітэтах, але на больш прымальную суму.

“Так, аплата павялічылася на тысячаў сто-дзвесце, гледзячы які факультэт”, - паведамілі ў прыёмнай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

Чамусьці павышэнне платы за навучанне не закранула некаторыя іншыя прэстыжныя ВНУ, напрыклад, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, медыцынскі ўніверсітэт. Не паднялі аплату і ў рэгіянальных дзяржаўных ВНУ. Студэнты прыватных навучальных устаноў таксама пакуль дыхаюць з палёгкай.

«У нас, напрыклад, на сацыяльнай педагогіцы аплата 906 тысяч, – кажуць у прыёмнай Інстытута сучасных ведаў. – У нас звычайна на павышэнне аплаты навучання загад падпісваецца. Пакуль такога загаду ў інстытуце няма».

У большасці ўніверсітэтаў Еўрарадыё расказалі, што рэзкага павышэння аплаты чакаюць у канцы навучальнага года.

Фота bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі