Апошнюю "хрушчоўку" ў Магілёве адрамантуюць праз 100 гадоў

Праблему капітальнага рамонту "хрушчовак" спрабуюць паставіць на павестку дня ў Магілёве мясцовыя грамадскія актывісты Віталь Макаранка і Аляксандр Сілкоў. Яны ўжо некалькі месяцаў змагаюцца з гарадскімі уладамі, каб узняць праблему панэльных дамоў, якія будаваліся 40-50 год таму. Днямі актывісты сустрэліся з жыхарамі "хрушчовак".
Віталь Макаранка лічыць, што праблему атрымалася "разварушыць".

"У Магілёве галоўным і станоўчым зрухам, з'яўляецца тое, што гэтая праблема актуалізаваная. Па двух тэлеканалах былі сюжэты пра "хрушчоўкі", у трох гарадскіх газетах вялікім накладам выйшлі артыкулы прысвечаныя гэтым праблемам", - кажа Макаранка.

Мясцовыя ўлады праблему не прызнаюць. Жыхары дамоў пісалі шмат заяваў у гарвыканкам, адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў, дэпутатам парламента і гарсавета, але на ўсе адказы атрымалі стандартныя адказы, што праблемы такой няма.

Намеснік старшыні гарвыканкама Фёдар Міхеенка запрасіў Віталя Макаранку на сустрэчу толькі тады, калі актывісты вырашылі правесці мітынг і падалі на яго заяўку ў гарвыканкам. Замест размовы па праблеме, на сустрэчы ў гарвыканкаме сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, якім чыноўнік распавёў, што праблемы не існуе. У мітынгу жа актывістам адмовілі.

Галоўныя пытанні, якія цікавяць жыхароў "хрушчовак" - чаму ўлады не вылучаюць і не вырашаюць праблему, чаму збіраюць грошы на капітальны рамонт, які ў некаторых дамах нават не плануюць рабіць.

Адзначым, што тэрмін службы "хрушчовак", якія будавалі ў СССР у 1960-70 гады ад 25 да 50 гадоў. У Магілёве іх налічваецца 344, а пражывае там прыкладна 60 тысяч чалавек. У год капітальны рамонт праходзіць каля 3 "хрушчовак". Аляксандр Сілкоў падлічыў, што апошнюю "хрушчоўку" такімі тэмпамі адрамантуюць прыблізна праз 100 гадоў.

"Мы далей будзем уздымаць гэтую праблему. У Маскве і іншых гарадах былога СССР яе вырашаюць", - кажуць актывісты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі