Арганізатары чакаюць на “BelaMusic” да 7 тысяч гледачоў

23 траўня на адкрытай пляцоўцы аэраклуба “Баравая” пад Мінскам пройдзе рок-фэст “BelaMusic”. Адзін з арганізатараў вялікага канцэрта Алег Хаменка ў жывым эфіры Еўрарадыё распавёў, што мерапрыемства можа наведаць па розных падліках ад 3 да 7 тысяч гледачоў.

Алег Хаменка: “Па вялікім рахунку, колькасць гледачоў будзе залежаць ад надвор’я. Я не хацеў бы гаварыць колькі мы прадалі квіткоў, але даволі багата. Мы разлічваем, што будзе ад 3 да 7 тысяч чалавек”.

Спадар Хаменка кажа, што адна з умоў фэсту — адмова ад палітыкі. Арганізатары гэта паабяцалі.

Ужо пасля таго, як былі надрукаваны афішы, да ўдзельнікаў канцэрту далучыўся Пётр Ялфімаў. Ідэю запрасіць Ялфімава прапанавалі прыхільнікі спевака, а зусім не арганізатары фэсту і нават не Мінкульт, распавядае Алег Хаменка.

Алег Хаменка: “Гэта ідэя прыхільнікаў Пятра Ялфімава. Яны не задаволены тым, які ціск арганізаваны цяпер на гэтага выканаўцу. Дарэчы, я таксама лічу, што гэты ціск незразумелы”.

Нагадаем, акрамя Ялфімава на канцэрце выступяць: GARADzKIJA, ДетиДетей, RASTOP POWER TRIO, NeuroDubel, Палац, Без Білета, Крама, J:МОРС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі