Аршанскі астролаг знайшоў формулу выйгрышу ў “Суперлато”

У студзені 2007 году 28-гадовы аршанец Дзмітрый Зуеў выйграў у “Суперлато”. Здаецца, справа звычайная, дый грошы не вельмі вялікія – усяго 1,5 мільёна рублёў. Але выйгрыш зрабіў яго вядомым на ўсю Оршу.
Справа ў тым, што некалькі гадоў таму просты прыбіральшчык аршанскай СШ №8 распрацаваў уласнае кола з 15 сузор’яў, якое адрозніваецца ад задыякальнага. У коле Дзмітрыя Зуева акрамя традыцыйных знакаў прысутнічаюць Вялікая Мядзведзіца, Змеяносец і Андрамеда.

Але гэта, як кажуць, былі толькі кветачкі. Спалучыўшы астралогію з фізікай, Зуеў стварыў наступнае ноў-хаў — каляндар, альтэрнатыўны грыгарыянскаму.

Па словах астролага, тое, за якой камбінацыяй лічбаў на латарэйным квіточку схаваны скарб, яму падказала менавіта яго сістэма. А таксама – зоркі. А дакладней, камета.

Дзмітрый Зуеў: “У 1996 годзе адна камета мне тое-сёе дала, у 1997-м – іншая. А пад самае нараджэнне 2007-га году, каля Зямлі таксама пралятала камета – менавіта яна і дала мне мой прыз”.

Камета – штука загадкавая і незразумелая. Але Генадзь, супрацоўнік прадпрыемства “Беларускія латэрэі”, катэгарычна адмаўляе існаванне формулы выйгрышу ў латарэю:

Генадзь: “Адукацыя ў мяне матэматычная. Згодна з усёй матэматыкай, я магу заявіць упэўнена: няма і не можа быць аніякай сістэмы гульні ў латарэю накшталт нашай. Кожны жадаючы можа сабе набыць 90 бочачак і мяшэчак і паспрабаваць даставаць іх.

Якія б ні былі зоркі, надвор’е, катаклізмы і гэтак далей, бочачкі будуць выпадаць выпадковым чынам. Але калі чалавек верыць у гэта – няхай сабе: можа, яму так лягчэй. Я думаю, што шмат хто з тых, хто гуляе ў нашую латарэю, верыць у існаванне сістэмы”.


Дзмітрый Зуеў, у сваю чаргу, кажа, што камета для таго, каб выйграваць у “Суперлато”, не абавязковая. Выйгрышны квіток можна выбраць па тыражы і нумары.

“Касмічныя адкрыцці”, якія і склалі ўсе яго веды і ўяўленні ў адзіную астралагічна-фізічную сістэму, пачалі прыходзіць да Дзмітрыя Зуева ў 1996-м, разам з каметамі, якія праляталі побач з Зямлёй. Часам гэта адбывалася ў сне, таму зараз спадар Зуеў рэгулярна наведвае аршанскі клуб эзатэрыкаў.

Ёсць у сістэмы з 15 сузор’яў і іншыя, больш “зямныя” крыніцы.

Дзмітрый Зуеў: “Пра гэта некалі казаў Піфагор. Ёсць унутраны свет жыцця, а ёсць вонкавы. Пры пераходзе з унутранага ў вонкавы прымаецца каэфіцыент 3/2. Вакол нас ёсць 8 планет, а таксама спадарожнік Зямлі – Месяц і спадарожнік Нептуна – Плутон. 10 памнажаем на 3/2 – атрымліваем 15”.

Кажуць, што калі Бог нешта ў чалавека адбірае, ён абавязкова дае яму што-небудзь ўзамен. Дзмітрый Зуеў – інвалід ад нараджэння. Можа, менавіта гэтым і тлумачыцца тое, што Космас адкрывае яму больш, чым іншым людзям?

Выйгрыш у “Суперлато” Дзмітрый Зуеў выдаткаваў на камп'ютар. Цяпер ён занатоўвае ў ім усё тое, што за 15 з нечым гадоў было занатавана на паперы: астралагічныя кнігі, выразкі з газет, нататкі, табліцы… Неўзабаве праца над новай астралагічнай сістэмай працягнецца на новым узроўні.

Камета прыляцела да Дзмітрыя вельмі дарэчна: пры яго сціплым заробку прыбіральшчыка і сацыяльнай дапамозе ды пры бацьках-пенсіянерах пра камп'ютар можна было толькі марыць.

Святлана Вайцяхоўская, супрацоўніца “Аршанскай газеты”, у рэдакцыю якой спадар Зуеў часта заходзіць як у госці, бачыць у гэтым вышэйшую справядлівасць.

Святлана Вайцяхоўская: “Мне вельмі радасна, што грошы атрымаў менавіта гэты чалавек. Іншаму яны, можа, і не так патрэбныя. Гэта такі чалавек… Нягледзячы на цяжкасці, з якімі ён сутыкнуўся, ён не зазірае ў пляшку ці яшчэ што-небудзь... Ён знайшоў сабе годны занятак. Малайчына!”


Фота — www.vedalifestyle.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі