Аўтамабіль апазіцыянера на мяжы абшукалі двойчы за ноч

Зміцер Шурхай, актывіст аргкамітэта партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, цэлую ноч з 19 на 20 жніўня пераязджаў мяжу ў Польшчу. Як паведаміў Еўрарадыё сам Шурхай, на пераходзе “Дамачава”, дзе меншыя чэргі, ягоны аўтамабіль зведаў асабліва пільны нагляд.
Шурхай: "Абшуквалі – амаль цалкам разабралі аўтамабіль. Нават паламалі ў адным месцы. Абарвалі праводку. Сабралося ўсё начальства. Стаялі, чакалі, што знойдуць. Нічога не знайшлі і перад намі раіліся, што адказаць па тэлефоне".

Пасля беларускай мяжы аўтамабіль не прапусцілі польскія мытнікі: не гарэлі сапсаваныя пры аглядзе лямпы. Беларускія памежнікі, кажа сп.Шурхай, спрабавалі самі выправіць шкоду. Потым паабяцалі прапусціць без чаргі, калі гаспадар адрамантуецца сваімі сіламі. Шурхаю давялося вярнуцца ў Брэст, аднак а 8-й гадзіне раніцы ён зноў прыехаў у Дамачава.

Шурхай: "Маёр, які абяцаў нам “зялёны калідор”, збег. Сказаў, пільныя справы. Вам зробяць, што я абяцаў. А нас завярнулі зноў на дагляд. Памежнікі самі мацюкаліся, казалі: вы ж, хлопцы, разумееце, мы не самі захацелі, такі загад. Выходзіць, мяне занеслі ў базу звестак на дагляд транспарту на мяжы. І гэта з-за таго, што я актывіст БХД".

Спробы брэстаўчаніна Шурхая з таварышам перасекчы мяжу доўжыліся з 2-й гадзіны начы да 9-й раніцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі