Аўтарадыё можа вярнуцца ў эфір цягам 5 дзён

Вышэйшы гаспадарчы суд ануляваў рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні наконт прыпынення вяшчання Аўтарадыё. Таксама суд прызнаў несапраўдным папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае станцыі за распаўсюд “экстрэмісцкіх заклікаў” і пастанавіў выплаціць 700 тысяч рублёў за судовыя выдаткі.

"Зараз мы павінны атрымаць рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда на паперы. Паколькі там даволі вялікая матывіровачная частка, як было агучана, яно будзе выдана напрацягу 5 дзён, прыкладна да аўторка. Пасля мы адразу будзем звяртацца ў Мінсувязі, каб нам аднавілі дазвол на эксплуатацыю перадатчыка", - кажа дырэктар "Аўтарадыё" Юрый Базан.

На сённяшнім пасяджэнні выступіў дырэктар Інстытуту мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец, які рабіў моўную экспертызу. Нагадаем, у эфіры Аўтарадыё падчас рэкламных ролікаў кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава нібыта прагучалі “заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Падставай стала фраза палітыка “лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы”. Лукашанец адзначыў, што ў гэтай фразе не ўтрымліваецца закліку, паколькі няма адпаведнага дзеяслова. Аднак у пэўным кантэксце фраза можа расцэньвацца, як заклік. Прадстаўнікі Мінінфармацыі заўважылі, што слова “плошча” стала “імем агульным для жыхароў Беларусі”.

Кіраўнік Аўтарадыё адзначыў, што такая фраза была на рэкламнай прадукцыі Саннікава і не выклікала ніякіх прэтэнзій. На вынясенне рашэння суду спатрэбілася каля 20 хвілін.

Нагадаем, Аўтарадыё спыніла вяшчанне 11 студзеня пасля адпаведнага рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Па словах дырэктара станцыі, цягам 5 дзён Аўтарадыё атрымае пісьмовае рашэнне суда, пасля чаго звернецца ў Міністэрства сувязі па дазвол на аднаўленне эксплуатацыі перадатчыка.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі