Аўтуховіч і Асіпенка заяўляюць пра сваю невінаватасць

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімір Асіпенка не прызнаюць выстаўленых ім абвінавачванняў. Пра гэта яны заявілі ў Вярхоўным судзе Беларусі, дзе 16 сакавіка працягнуўся разгляд па іх справе. Падсуднымі па справе з'яўляюцца чатыры чалавекі: Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох вінавацяць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту супраць двух чыноўнікаў — намесніка міністра па падатках і зборах Беларусі Васіля Камянко і былога кіраўніка Гродзенскай вобласці Ўладзіміра Саўчанкі, паведамляе БелаПАН. Аўтуховіча і Асіпенку таксама вінавацяць у арганізацыі падпалу хаты былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы ў 2004 годзе.

Як заявіў у судзе пракурор Эльдар Сафараў, Ларын па ўказанні Аўтуховіча і Асіпенкі набыў агнястрэльную зброю, электрашокеры, трацілавыя шашкі і радыёкіраваныя цацкі, дэталі якіх планавалася выкарыстаць для стварэння выбуховага прыстасавання.

Міхаіла Казлова, падпалкоўніка міліцыі, былога кіраўнік УБАЗ па Гродзенскай вобласці, вінавацяць у тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэракту, але не прыняў меры па яго прадухіленні.

Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў сваю віну цалкам не прызналі. Ларын прызнаў сваю віну часткова. Падчас судовага паседжання ён паведаміў, што сапраўды захоўваў і перавозіў боепрыпасы і выбуховыя рэчывы.

Ларын таксама прызнаўся ў падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту. Калі суддзя зазначыў, што такія прызнанні з'яўляюцца поўным прызнаннем віны, Ларын заявіў, што яму патрэбны час, каб асэнсаваць сваю пазіцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі