Айцец Фёдар Поўны адмовіўся ад удзелу ў выбарах сенатараў

Айцец Фёдар Поўны напісаў заяву ў Цэнтрвыбаркам аб тым, што ён не дае згоду балатавацца кандыдатам у члены Савета Рэспублікі. Усе астатнія вылучаныя кандыдаты паспяхова прайшлі рэгістрацыю. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік. “Зарэгістраваныя ўсе вылучаныя кандыдаты акрамя аднаго. Гэта Айцец Фёдар, або для нас ён, як грамадзянская асоба, Фёдар Пятровіч Поўны. Ён напісаў заяву пра тое, што не дае згоду балатавацца ў члены Савета Рэспублікі і просіць яго не рэгістраваць”.

Такім чынам, кандыдатамі ў сенатары зарэгістраваныя 55 чалавек: па 8 ад кожнай з шасці абласцей і 7 з горада Мінска. Нагадаем, выбіраюць сенатараў дэпутаты мясцовых Саветаў. Іх пасяджэнні пройдуць з 21 верасня да 10 кастрычніка. У верхнюю палату ўваходзіць 64 чалавекі, 8 з іх прызначае кіраўнік дзяржавы.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, Айцец Фёдар чакаў бласлаўлення вышэйшага царкоўнага кіраўніцтва, каб ісці ў Савет Рэспублікі. Учора ён сустракаўся з Мітрапалітам Філарэтам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі