Азаранка і Ўільямс-старэйшая паедуць на спаборніцтвы ў Доху

Беларуска Вікторыя Азаранка і амерыканка Вінус Уільямс забяспечылі сабе пуцёўкі на фінальны турнір года. Як нагадвае "Спорт Беларусь", ён адбудзецца з 27 кастрычніка па 1 лістапада ў горадзе Доха (Катар). Для прадстаўніцы ЗША, якая першынствавала на гэтых спаборніцтвах у мінулым сезоне, гэта ўжо дзявяты падобны поспех. Што датычыць 20-гадовай мінчанкі, то яна будзе дэбютаваць на турніры такога рангу.

Раней удзельніцамі прэстыжных спаборніцтваў у сталіцы Катара з прызавым фондам 4,55 мільёна долараў ужо сталі расіянкі Дзінара Сафіна, Алена Дзяменцьева і Святлана Кузняцова, амерыканка Сэрэна Ўільямс і Каралін Вазняцкі з Даніі.