Азербайджан можа паставіць у Беларусь сёлета да 1 мільёна тон нафты

Азербайджан можа паставіць у Беларусь сёлета да 1 мільёна тон нафты

Азербайджанская нафтавая кампанія "Socar" можа паставіць у Беларусь сёлета да 1 мільёна тон нафты. Такую лічбу назваў журналістам старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў пасля сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з прэзідэнтам "Socar" Раўнагам Абдулаевым.

"Аб'ёмы будуць нарошчвацца з году ў год. Гаворка ідзе пра аб'ёмы сёлета — да 1 мільёна тон нафты. Гэта будзе вызначацца кожны месяц, зыходзячы з эканамічных, лагістычных складнікаў і г. д. Але гэта будзе на пастаяннай аснове", — прыводзіць БЕЛТА заяву Рыбакова.

Супрацу з азербайджанскай кампаніяй ён назваў інтэрнацыянальнай, бо нафта будзе пастаўляцца праз трубаправод Украіны. "Будзе забяспечвацца пастаўка нафты на Мазырскі НПЗ, яе перапрацоўка і пастаўка нафтапрадуктаў у тым ліку ва Украіну, Беларусь", — дадаў старшыня "Белнафтахіма".

Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася пашырэнне ўдзелу "Socar" у інвестпраектах на тэрыторыі Беларусі. Сёння падраздзяленне гэтай кампаніі ўжо працуе на Мазырскім НПЗ. Падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі прадстаўнікі кампаніі абмяркоўвалі ўдзел "Socar" у праектах на "Нафтане" ды іншых прадпрыемствах "Белнафтахіма", а таксама ў іншых галінах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі