Бабруйску зноў патрэбныя Дажынкі: трэба падлатаць дарогі

Многія вуліцы Бабруйска сустракаюць зіму са зрэзаным пакрыццём. Кіроўцаў чакаюць тут сапраўдныя "воўчыя ямы".
На вуліцах Крылова, Ракасоўскага, Каменскага, Арджанікідзэ, Ульянаўскай, 50 год ВЛКСМ, Мінскай, Станцыённай і доўгія месяцы няма вялікіх фрагментаў пакрыцця: кіроўцы аб'язджаюць "воўчыя ямы", выразаныя фрэзамі.

Найбольш паказальная якасць "асфальта-ямкавага" рэмонту на вуліцы Крылова. Гэты кірунак – адзін з самых важных у горадзе, тут вялікая транспартная плынь. З аднаго боку вуліца выходзіць да аўтавакзалу, а з другога - на Мінскую вуліцу і на завод ФАНДак. Да таго ж вуліца з’яўляецца своеасаблівым вязьмом між некалькімі раёнамі горада.

Яшчэ  ўвесну працаўнікі бабруйскага КДЭП (камунальнага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства) знялі верхні слой асфальта з дарогі. Улады абяцалі, што вуліца будзе хутка адрамантаваная. Аднак яна так і сустракае зіму «са знятым скальпам». Кіраўніца КДЭП спн. Новік патлумачыла, што у бюджэце няма грошай на рамонт. А гэта значыць, што кіроўцам будзе яшчэ цяжэй на вельмі дрэннай дарозе ў зімовых  ўмовах, а сама дарога будзе знішчаная ўшчэнт (снег, слата, соль і пясок і г.д.).

Адной з прычын імклівага разбурэння дарожнага пакрыцця ў Бабруйску называюць  адсутнасць у многіх раёнах ліўневай каналізацыі. Аднак відавочна і тое, што большасць дарог рамантуецца абы-як.

Многія бабруйскія кіроўцы лічаць за лепшае часцей мяняць часткі падвескі аўтамабіля, чым тармазіць перад кожнай пасткай. Ад частага тармажэння хутчэй псуецца тармазная сістэма, счапленне, пакрышкі аўто. Таму мала хто скідвае хуткасць на ямах і калюжынах, што стварае дадатковыя спрыяльныя ўмовы для ДТЗ, якіх у Бабруйску не бракуе і так.

Аптымісты кажуць, што сітуацыю маглі б палепшыць наступныя Дажынкі. Мінулыя праходзілі ў Бабруйску ў 2006 г., тады на рамонт дарог і дамоў пайшло каля 200 млрд рублёў. Праз 114 гадоў Дажынкі могуць абысці ўсе райцэнтры Беларусі і вярнуцца ў Бабруйск. Тады зноў падлатаюць дарогі.

Аднак скептыкі сумняюцца: рамонт на Дажынкі-2006 шмат у чым быў зроблены на адчэпнае. Плітка прасела, асфальт дзіравы.















Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі