Бабуля Іры Кужэльнай больш не верыць у вяртанне ўнучкі

Па словах маці зніклай Іры Кужэльнай, дзяўчынка часта прасіла адвезці яе да бабулі. Еўрарадыё знайшло бабулю і даведалася ад яе, чаму Іра так марыла пасля заканчэння школы пераехаць жыць да яе ў вёску Замасточча. Хоць ні разу там не была. Бабуля Іры Леаніда Красоўская расказала Еўрарадыё, што да яе ў Замасточча ўнучка ніколі не прыязджала. Але бабуля часта сама наведвала дзяўчынку. І тая вельмі часта казала, што хоча пасля заканчэння школы пераехаць да яе жыць.


Леаніда Красоўская:
“Яна і мне казала, калі была я ў яе, што як скончыць школу, то прыйдзе жыць да мяне. Але яна і школу не скончыла, і да мяне не прыйшла. Я яе вельмі любіла, я яе шкадавала і купляла гасцінцы ўсялякія. Таму ёй і хацелася”.


Жанчына ведае, што супраць яе дачкі Людмілы Красоўскай следчыя распачалі крымінальную справу па артыкуле “Катаванне”. За тое, што яна, нібыта, здзеквалася са сваёй дачкі. Але бабуля не верыць, што такое магчыма. Кажа, ніколі не бачыла, каб Людміла здзеквалася з дачкі.


Леаніда Красоўская: “Мне падаецца, што гэта няпраўда, бо яна ўсё на свеце старалася для яе. Адзежку купляла і ўсё патрэбнае. Я ні разу не чула і не бачыла, каб яна заганяла яе. І цяпер так галосіць і плача. Ад гора, здаецца, звар’яцее. Люда ні ў чым не вінавата, калі тую справу заводзяць. Можа, хто назло нагаварыў?”


Бабуля расказала, што ўнучка не баялася хадзіць адна ў лес у ягады альбо на возера і лёгка ішла на рукі да незнаёмых людзей.


Леаніда Красоўская:
“Не баялася, ішла на рукі да чужых. Смелая была такая”.


Як стала вядома Еўрарадыё, найбольшыя падазрэнні ў бабулі пасля знікнення ўнучкі выклікаў айчым Іры Сяргей. Кажа, нават следчым настойліва раіла наладзіць яму сур’ёзны допыт.


Леаніда Красоўская: “Ён мне сам казаў: “Мама, пройдзе 5 год, 10, 20, але ўсё адно будзе мая Ірына і мая Люда”. Я толькі прасіла міліцыянераў, каб зрабілі яму допыт. Дапытвалі ці не -- не ведаю”.


Бабуля расказала Еўрарадыё, што маці не крыўдзіла Іру і ў яе было шмат цацак. Частку нават прывезлі да яе, калі Люда з Ірай пераязджалі з Астрашыцкага Гарадку ў вёску Беларучы. Дарэчы, пераехалі туды Людміла Красоўская з дачкой у пошуках працы. Пераехалі два месяцы таму. З жыллём было не вельмі добра – жылі ў здыманым пакоі. Але праца была – Людміла ўладкавалася на ферму даяркай.


Па словах жанчыны, яна ўжо не верыць, што дзяўчынка вернецца дадому жывой. Занадта шмат пасля яе знікнення часу прайшло.


Леаніда Красоўская: “Я ўвесь час думала, што яна знойдзецца. Але калі да гэтага часу няма…. Можа, загінула ўжо дзе. Не ведаю, што і думаць. Там жа елкі і елкі адныя – можа, дзе заблукала”.


Леаніда Красоўская выхавала шасцярых дзяцей. Зараз ёй 78 год. Жанчына прызналася, што за ўсё жыццё не перажывала большага гора, як знікненне любімай унучкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі