Бабуля “Робата”, які пасля псіхатропу зарэзаў знаёмага, расказала пра ўнука

“Быў здзек над трупам. Вочы былі выкалаты, і было 16 нажавых ран. У пакоі было шмат кухонных нажоў рознага памеру. Яны былі папросту раскіданыя па кватэры. Быў гармідар, усё было паламана, ― апісвае забойства на вуліцы Прытыцкага мясцовы дворнік Яўген Аляксандравіч. Ён быў у кватэры, дзе здарылася панажоўшчына, праз паўгадзіны пасля трагедыі. ― Толькі тэлевізар стаяў цэлы. Паўсюль кроў… Зразумела было, што гэты няшчасны яшчэ і абараняўся. На левай руцэ палец быў надрэзаны, нібы хапаўся за нож. У кватэры ўсё было заліта вадой. Гофра з унітаза была знятая. А патрубак з ваннай, які вядзе ў каналізацыю, быў адкручаны. І ўнітаз, і ванна былі наўмысна выведзены са строю на зліў. Логікі ніякай няма”.

Чарговая шакуючая трагедыя, да якой прывялі сінтэтычныя псіхатропы, здарылася раніцай у панядзелак 24-га студзеня. Віктар (падазраваны ў забойстве, 34 гады) і Аляксей (ахвяра, 33 гады) спажывалі не маркі ці спайс, а калоліся растворам з парашку. Пасля панажоўшчыны адзін з мужчынаў выбег на двор, з разрэзаным жыватом і пачаў крычаць пра тое, што “забіў чалавека”. Сведкі чулі пра тое, што праваахоўнікам Віктар тлумачыў, што “Аляксей — робат, і трэба дастаць з яго чып”. Свой жывот ён успароў, каб таксама “дастаць чып”.

Акно кватэры, дзе здарылася трагедыя

Пра такі стан псіхозу, які здараецца пасля прыёму сінтэтычных псіхатропаў, медыкі папярэджвалі не аднойчы. Людзі могуць забіваць, імітаваць жывёлаў, уцякаць ад бесаў, скакаць у акно, уявіўшы сябе птушкай, сядаць у машыну і збіваць пешаходаў, спасылаючыся на “галасы з нябёсаў”.

Расследаванне: як у Беларусі прадаюць спайс і псіхатропныя парашкі

Дворнік Яўген Аляксандравіч прызнаўся Еўрарадыё, што звярнуў увагу на яшчэ жывога Аляксея за дні да яго гібелі.

“Ён і яшчэ некалькі хлопцаў прайшлі міма мяне. Вочы ва ўсіх былі шкляныя. Ішоў кожны сабе. Пасля ён вярнуўся ў пад’езд. Таму я і пазнаў потым забітага ― па яго залысінах…”

 

Аглядаем пляцоўку на якой падазраваны крычаў, што “забіў чалавека” і зазіраем у акно кватэры, дзе здарылася бяда: пледы і адзенне ― неахайна сабраныя да кучы. На прасціне і парэзанай ад вострага прадмета навалочцы ― плямы крыві. Вось што бачна праз шклопакет.

Ён наркаспажыўцом быў. Быў у месцах пазбаўлення волі. А ў сакавіку сказалі, што вярнуўся, ― распавядае пра забітага Аляксея жыхарка з яго пад’езда. ― Не было яго ў доме гады два. А да гэтага ўвесь час смярдзела ацэтонам”.

Выходзіць, раз быў пах растваральнікаў, Аляксей, хутчэй за ўсё, быў раней спажыўцом раствору з “бубак” ― опійнага насення маку. Пасля таго, як у Беларусі ўдарылі па гэтай сыравіне, спажыўцы пачалі пераходзіць на сінтэтычныя псіхатропы. У пераважнай большасці ўсе гэтыя маркі, спайсы і парашкі забароненыя. Ды сотні тысяч беларускіх спажыўцоў, уцягнуўшыся ў залежнасць па самую макаўку, працягваюць купляць і спажываць.

Слухачы Еўрарадыё падказалі, дзе жыў падазраваны ў забойстве. Аказалася, што ён зусім нядаўна выйшаў на волю і вярнуўся ў кватэру бабулі, дзе рос. Віктар правёў восем год у турме “за марыхуану”. Тое была чацвёртая яго судзімасць.

Маргарыта Іванаўна, бабуля падазраванага, расказала Еўрарадыё, што за дні да трагедыі ўнук збіраўся ў Расію, каб уцячы ад наркотыкаў.

“Ён пятнаццатага сакавіка вызваліўся. І праз некалькі дзён расказаў мне пра спайсы. Што знаёмыя здзяйснялі самагубствы. І ён пастаянна сцвярджаў, скардзіўся, што яму трэба з’язджаць, бо яго гэта можа зацягнуць, што яму страшна, ― узгадвае Маргарыта Іванаўна, не хаваючы слёз. ― З яго сябрамі было такое, але браліся за розум, з’язджалі ў Расію на будоўлі, зараблялі добрыя грошы і яго ўвесь час запрашалі да сябе. І вось у суботу ці пятніцу ён прыйшоў дадому і кажа: “Мне трэба з’ехаць і падалей. Гэта такое балота! Я баюся тут завязнуць. Ён апрануўся і папрасіў 500 тысяч і 150 долараў. Я так і зрабіла, па-іншаму не магла. Бачыла, што становішча крайняе, ён быў прыгнечаны. Калі ён знік, я падумала, што з’ехаў у Расію”.

Віктар падчас адбывання пакарання (другі злева ў першым шэрагу)

Еўрарадыё: Ці спажываў унук да зняволення раствор з насення маку ― “бубкі”?

Расследаванне: за 39 хвілін мак з мінскага рынка пераўтвараецца ў наркотык

Маргарыта Іванаўна: “Нейкі такі наркотык ён калісьці даўно спрабаваў. Адносіны з унукам у нас былі даволі адкрытыя. І я тады адразу заўважыла змены ў ім. Прыйшоўшы дадому, ён быў такі спакойны-спакойны. І перастаў есці. Цягнулася гэта зусім нядоўга, бо ўнук атрымаў судзімасць за крадзеж. А вярнуўшыся, закахаўся ў дзяўчыну. У яе дома збіралася кампанія, курылі траўку. Там, відаць, знаходзіўся нехта, хто паведамляў міліцыі. А Віця ― ён паўсюль улезе. І вось пайшоў па гэту траву. А чалавек, які прадаваў, жыў у тым жа доме. І тут жа прыязджае міліцыя і забірае Віцю. Ён прабыў у месцах пазбаўлення волі сем год. Увесь час пісаў лісты, супакойваў, што добра вучыцца, што хоча вярнуцца да нармальнага жыцця. І вось такое здарылася…”

Еўрарадыё: Судзімасці вашага ўнука ― не за забойствы і не за цяжкія цялесныя пашкоджанні. А тут пасля спажывання псіхатропаў раптам здарылася такая шалёная агрэсія. Калі можаце, скажыце шчыра, ці быў Віктар схільны да гвалту?

Маргарыта Іванаўна: “Канешне, ён дзіцёнак, які не ўдаўся. Але я яго ведаю з іншага боку. Мне даводзілася адной яго выхоўваць. Тут я старалася дыпламатычна дзейнічаць. З грашыма было туга, але я іх не шкадавала. І ён заўсёды добра працаваў. Калі быў дзіцёнкам, канструктарамі дома ўсё было застаўлена. Ён аднойчы сабраў гэтыя канструктары і панёс аднаму хлопчыку: “Бабуля, у яго нічога няма, у яго бацька п’е”. Ён насамрэч такі добры да мяне! Але самалюбівы. Ён можа адказаць, калі яго нехта пакрыўдзіць. Але, разам з тым, ён такі даверлівы, такі дурань. Вось гэта даверлівасць яго і падводзіць. Калі яму зрабілі дабро, ён і прагне адказаць дабром. Вось гэта яго характар”.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце “забойства, з асаблівай жорсткасцю”. Віктару пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. А наркадылеры, якія забіваюць беларусаў, ― працягваюць нахабна чыніць свой промысел. На жаль, законы наконт распаўсюджвання сінтэтычных псіхатропаў у Беларусі недасканалыя, а рэсурсаў толькі адной міліцыі фізічна не хапае, каб перакрыць кісларод гандлярам смерцю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі