Бацька так званага “караля спайсаў”: Нядаўна ўся краіна гэта прадавала ў кіёсках

Бацька так званага “караля спайсаў”: Нядаўна ўся краіна гэта прадавала ў кіёсках

У “Доме правасуддзя” працягваецца гучны судовы працэс па абвінавачванні 17 удзельнікаў наркагрупоўкі LegalMinsk, якую называюць адной з найбуйнейшых у гісторыі Беларусі. 2 сакавіка дапыталі Марата Багеля, якога падчас затрымання па ТБ назвалі непасрэдным пастаўшчыком псіхатропу з Расіі ў Беларусь.

“Я звычайны выканаўца. Мая справа — выконваць указанні, — Багель ад самага пачатку падкрэсліў сваю шараговую ролю ў наркагрупоўцы. — Гэта не маё (прыгатаванне спайсаў, — Еўрарадыё), я кіроўца. Але я ведаў, што гэта легальна, што рабіліся экспертызы”. 

Бацька так званага “караля спайсаў”: Нядаўна ўся краіна гэта прадавала ў кіёсках

Вядома, што Багель супрацоўнічаў са следствам. Таму ён не саромеўся расказваць пра некаторых іншых абвінавачаных. Напрыклад, узгадаў пра знаёмства з Дзмітрыем Вераценскім — на той час старшым оперупаўнаважаным цэнтральнага апарата КДБ Беларусі. Сам Вераценскі затрымліваў Багеля ў 2008 годзе ў раёне мінскай вуліцы Розы Люксембург. Спецслужбіст тады займаўся барацьбой з наркотыкамі.  Нічога забароненага ў Багеля пры сабе не было, праблем ён не атрымаў. А Вераценскі, як лічыць следства, з часам стаў не толькі змагацца з наркадылерамі, але і забяспечваць ім прыкрыццё. 

Датычна Канстанціна Вілюгі (яго называюць лідарам групоўкі), Багель паведаміў, што выконваў яго загады і перадаваў у Мінск разнастайныя пакеты. Аднойчы нават сам прывёз буйную партыю псіхатропных парашкоў у раён запраўкі непадалёк ад Мінска.

З аднаго боку Багель казаў, што бізнэс у Расіі развіваўся за грошы Вілюгі. З іншага боку, не паведамляў дакладных фактаў.

Бацька Канстанціна Вілюгі: “Яны збіраліся заняцца вытворчасцю мінеральнай вады”

Выказванні Марата Багеля падчас суда не аднойчы абуралі Максіма Сямёнавіча, бацьку Канстанціна Вілюгі.

“Я думаю, тыя, хто супрацоўнічае са следствам і хлусяць у кожным слове, яны гэтым і займаліся. Хочацца верыць, што сын займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю без рэгістрацыі”, — бацька галоўнага абвінавачанага не згодны з тым, што сыну адводзяць ролю “караля наркабізнэсу”. 

Бацька так званага “караля спайсаў”: Нядаўна ўся краіна гэта прадавала ў кіёсках

Продаж спайсаў Максім Сямёнавіч, з пункту гледжання закона, не лічыць смяротным грахом.

“Пару гадоў таму ўся краіна ў кіёсках прадавала гэта. А калі змяніліся законы, напэўна, яны не прадавалі, а нехта працягваў гэта рабіць. Гэта мая асабістая думка”, — выказвае цмяныя здагадкі бацька Вілюгі.

Пры гэтым ён дзеліцца інфармацыяй, што незадоўга да затрымання сын планаваў наладзіць зусім іншы бізнес:

“Яны збіраліся заняцца вытворчасцю мінеральнай вады. Гэта вельмі гуманны для чалавецтва занятак. Я хачу сказаць, што супрацоўнікі, якія даюць інфармацыю прэсе да таго, як гэта даказана судом і прысуд набыў законную моц, самыя сапраўдныя злачынцы”.  

Багель апісаў, як гатаваўся спайс

Мяркуючы па ўсім, групоўка гандлявала як курыльнымі сумесямі, так і “хуткасцю” (псіхатропнымі парашкамі). Багель апісаў тое, як у яго прысутнасці ў Маскве гатаваліся курыльныя сумесі. Апішам працэс у агульных словах, каб гэта не выглядала як інструкцыя. Наркатычны рэагент растваралі ў спірце. Потым гэты раствор распырскавалі на траве ці тытуні, высушвалі.

У вялікай ступені з-за тавару, які распаўсюджвалі члены наркагрупоўкі, многія беларусы сталі цяжка хворымі людзьмі. А, магчыма, і загінулі, хоць пра смяротныя факты пакуль нічога не вядома. У той жа час спайсы ад LegalMinsk доўгі час не ўваходзілі ў рэспубліканскі наркапералік. То бок не лічыліся наркотыкамі. Але ў 2014 годзе заканадаўства істотна змянілася, і адну з удзельніц групоўкі злавілі ўжо з забароненымі парашкамі. За гэты інцыдэнт праваахоўнікі зачапіліся ды пачалі разблытваць крымінальны клубок.

Пасля таго, як у Беларусі законы датычна наркотыкаў сталі больш жорсткімі, удзельнікі LegalMinsk рыхтаваліся пераарыентаваць бізнэс на Расію. Але не паспелі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі