Бацьку трох беларускіх дзяцей адмовілі ў статусе бежанца і пасадзілі

З 22 красавіка ў ізалятары сядзіць азербайджанец, бацька траіх беларускіх дзяцей, які 14 год пражыў у Брэсце. Зія Салім-аглы Мамедаў ужо некалькі месяцаў у турме чакае дэпартацыі. 14 год таму ён эміграваў з радзімы, каб не браць удзелу ў вайне. У шлюбе з беларускай нарадзіліся трое дзяцей. Жонка — выхавальніца дзіцячага садка.

Праваабаронца Уладзімір Малей сказаў Еўрарадыё: —  Ва ўсіх краінах арышт — гэта прэрагатыва суда. А тут без следства і суда, паводле рашэння кіраўніка міліцыі чалавек сядзіць ужо пяты месяц. Ён не мае намеру хавацца ад дэпартацыі. У яго сям’я, ён тут укараніўся. З 1995 года тут. Працаваў, забяспечваў сям’ю. Прэтэнзій ні з боку жонкі, ні дзяцей не было.

Да праваабаронцаў нядаўна звярнулася жонка. Прычына рашэння пра дэпартацыю Мамедава нібыта ў тым, што ён жыве без належных падставаў. Савецкі пашпарт ён здаў у 2002 годзе, цяпер ягоная асоба "ўстаноўленая чыноўнікамі". А заадно і тое, што ён не знаходзіцца ў вышуку, не караўся ні па крымінальным, ні па адміністрацыйным Кодэксе ні ў Беларусі, ні ў Азербайджане.
 
Уладзімір Малей: — Мамедаў  звяртаўся ва ўсе органы ўлады  з просьбай зарэгістраваць яго па месцы жыхарства сям’і. Яму адмаўлялі. Ён нікуды не хаваўся. Лічу, што калі чалавек хоча пражываць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то ўжо за гэтыя гады ён паводле існага заканадаўства варты таго, каб яму надалі грамадзянства. Тут яго жонка і дзеці — грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Мамедаву адмовілі ў статусе бежанца, прызнаўшы ягоную просьбу злоўжываннем. Маўляў, звярнуўся пасля прыняцця рашэння аб дэпартацыі. У афіцыйным адказе Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі шмат месца прысвечана таму, што Мамедаў і жонка належаць да рэлігійнай грамады “Сведкі Еговы”. Пра дзяцей згадаць забыліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі