Bаlaton Sound. Першыя 24 гадзіны на фэсце (фотарэпартаж)

У першы дзень фэсту Dub Pistols абмацюкалі галоўную сцэну, Underworld закідалі натоўп велізарнымі белымі шарамі, Mad Professor усё легалізаваў, а Carl Cox сабраў у танцавальным шатры больш за 60 тысяч наведвальнікаў.




Еўрарадыё прыехала на фестываль а 4 раніцы, як аказалася, гэта быў самы лепшы час, каб трапіць на тэрыторыю і не чакаць у кіламетровых чэргах.







Таксама гэта быў цудоўны час, каб увайсці ў рытм фестывалю паволі, паступова мяняючы дарожны “раш” пасля трох дзён аўтавандроўкі на лянівае смакаванне электронных бітаў пад цёплым ветрыкам і клакатаннем хваляў.



На дзённым фестывалі фельмі шмат лаундж-пляцовак, шэзлонгаў, канапаў і неверагодных канструкцый, якія дазваляюць сядзець альбо ляжаць на ўзбярэжжы возера, ці прама ў вадзе.

Але адпачываць, яшчэ не стаміўшыся, складаная справа, таму было вырашана больш шчыльна пазнаёміцца з фестывалем, то бок з людзьмі.

Першы неверагодны персанаж мы сустрэлі каля галоўнага ўваходу, ён быў ужо пятым са “стафу”, хто не ведаў, дзе знаходзіцца прэс-цэнтр. Між іншым ён падзяліўся, што ўжо 4 дні не спаў, і заснуць не можа таму што — куды тут спаць!



Другі доўга цярпеў, пакуль мы зробім 10 ягоных здымкаў, а пасля запытаў: “А вы мяне наўмысна фатаграфуеце, ці так, выпадкова, бо я стаю насупраць гэтай шыльды?”



Трэцяй аказалася дзяўчынка-венгерка Іца, якая падышла да нас на невялічкай пляцоўцы Burn Bar, і пачала з намі таньчыць. Праз колькі хвілін мы ўжо размаўлялі, даведаліся ад яе ўсю гісторыю фестывалю, чаму яна так любіць Балатон, якіх мясцовых дыджэяў ёсць сэнс паслухаць, і нават які фестываль адбудзецца ў жніўні паралельна з Сігетам.



Іца: Балатон — самае неверагоднае месца, куды я трапляла. Насамрэч, венгры чакаюць Balaton Sound цэлы год. Усё таму, што тут адмысловая атмасфера, тут не пачуеш мяшанку з музычных стыляў, адно пасуе другому, і ні як інакш.

Дарэчы, на гэтым танцпляцы, пабачыце, будзе самая лепшая музыка. Зараз граюць венгерскія Lick the Clik: Crimson, Chrom, ISU — ці не цудоўна?



З Іцай мы загаварыліся настолькі, што, аказалася, палова канцэрту лонданскіх гангста-дабераў Dub Pistols ужо прайшла. Але і другой паловы канцэрту хапіла, каб назбіраць поўныя вушы “факаў”.

“Oh, my f*cking people, this is so f*cking beautiful festival and you are so f*cking nice, lets dance f*cking more crazy! Yo!”
— вяшчаў у мікрафон вакаліст Bladе. Пакінем гэта без перакладу.



Тым не менш, такая лірыка ад Dub Pistols нікога не бянтэжыла, і людзі шчасліва танчылі пад любімыя хіты “Cyclone” і “Problem is”.







А Dub Pistols Еўрарадыё пасля заўважыла на канцэрце іх землякоў — Underworld. “Пісталзы”, разам амаль што з усім фестывалем, прыйшлі паглядзець на неверагодна прыгожае шоў класікаў электронікі



Новы альбом “Oblivion with Bells” Underworld адыгралі без асаблівага візуальнага шоу — выдзяляўся толькі бліскучы пінжак вакаліста Карла Хайда (Karl Hyde), які свяціўся чырвоным святлом, калі на яго напраўлялі пражэктар.



Затое пад старыя добрыя шэдэўры як, напрыклад, “Born Slippy”, у натоўп паляцелі вялізарныя белыя шары. Пасля на сцэне з'явіліся яшчэ больш вялікія надзіманыя фігуры, якія рухаліся, падалі на галовы ахове, на пульты Underworld і стваралі касмічны настрой.







Канцэрт Underworld закрываў праграму галоўнай сцэны. Гэта было ў 23:30, і наперадзе чакалі дыджэй-сэты ў танцавальным шатры Party Arena.

Але перш чым ісці ў 60-тысячны натоўп, Еўрарадыё вырашыла паглядзець, што адбываецца на такой сцэне як Pesti Est.

А там забаўляўся з гукам і спяваў пра “ганжу” Прафесар-Вар'ят. То бок Mad Professor. Ягоныя песні натоўп успрымаў літаральна, таму правёўшы гадзінку ў шатры пад Мэд Прафесара, можна было проста дыхаючы тым паветрам тэлепартавацца ў Гаяну.

І апошняе, на што хапіла моцы — гэта зайсці ў 60-тысячны натоўп на Party Arena. Там круціў вяртухі брытанскі дыджэй Carl Cox, а яшчэ ён круціў натоўпам. Як хацеў. Прымушаў іх скакаць, крычаць, уздымаць рукі, выстукваць у паветры рытм, вярцець гукавымі хвалямі і ўсміхацца.

Кокс, аказалася, мае вельмі мяккія рухі, заўсёды усміхаецца і, час ад часу, кажа ў мікрафон прафесійным радыё-дыджэёскім голасам: “I love you so much, people from Balaton sound” — “Я люблю вас так моцна, людзі з Балатон Саунду!”.



...працяг будзе.

Фота: Tarantino, Міла Котка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі