Банкі выбіваюць грошы з самых бедных?

Калі ў ЗША — крызіс іпатэчнага крэдытавання на жыллё, то ў Беларусі атрымаўся крызіс закрэдытаванага тэлевізара.
Еўрарадыё звярнулася ў суды, каб спраўдзіць інфармацыю пра рост запазычанасці па банкаўскіх крэдытах. У судах Жабінкаўскага і Бярэзінскага раёнаў гавораць, што такіх спраў сапраўды стала значна болей.

Суд Жабінкаўскага раёна: “Вядома што павялічылася, і вельмі моцна”.
Суд Бярэзінскага раёна: “Магу дакладна сказаць, што так — павялічылася”

Магчыма, з-за крызісу банкі пачалі лічыць кожную капейчыну? У банках Еўрарадыё запэўнілі, што гэта не яны пачалі часцей звяртацца ў суд — проста колькасць даўжнікоў узрасла.

“Беларусбанк”: “Ёсць такая тэндэнцыя, што з пагаршэннем матэрыяльнага становішча расце невяртанне крэдытаў. Але я ўсё ж лічу, што гэта больш залежыць ад асабістых якасцяў чалавека: вы можаце і на бабах сядзець, але пры гэтым вяртаць крэдыты…”

Цікава, што банкі судзяцца ў асноўным за маленькія сумы. У судзе Віцебскага раёна ўвогуле няма справаў больш чым на дзве тысячы долараў крэдыту, — паведамляе Еўрарадыё старшыня Віцебскага раённага суда Марына Гарохава:

“Сумы розныя. Вялікіх сумаў у нашым судзе няма дакладна. Дзве тысячы долараў... На такую суму ў нашым судзе, можа, і ёсць які адзін пазоў, але не больш. Усе астатнія меншыя”.

“Найчасцей гэта спажывецкія крэдыты”, — пацвярджае юрыст Бярэзінскага аддзялення “Белаграпромбанка”.

Дарэчы, калі Еўрарадыё звярнулася ў суд Бярэзінскага раёна, высветлілася, што толькі сёння да іх паступіла адразу два пазовы

Кансультант Бярэзінскага раённага суда: “У нас на тэрыторыі раёна два банкі — “Белаграпромбанк” і “Беларусбанк”. Летась звяртаўся ў асноўным толькі “Беларусбанк”, а сёлета звяртаецца і другі банк. І такіх пазоваў нават сёння было два…”.

Паводле слоў супрацоўніка суда, сумы пазоваў, у асноўным, ад мільёна да трох.

Кансультант Бярэзінскага раённага суда: “Самая вялікая была 10 мільёнаў — гэта адзіны такі пазоў, нейкі мінскі банк звяртаўся. У нас няма гэтых жахаў, якія паказваюць па тэлебачанні, што ўзяў 10 мільёнаў, а вярнуў 46 — не, такога няма. Такіх жахлівых выпадкаў, калі здымалі апошнюю кашулю, не было…”.

І яшчэ такі нюанс. Як толькі банк звяртаецца ў суд, аўтаматычна спыняецца накручванне працэнтаў па пазыцы. Згодна са словамі суддзяў, 90% ад спаганяемай сумы складае непасрэдна сума крэдыту, а ніяк не працэнты.

Еўрарадыё:
Якія найчасцей прычыны таго, што людзі не выплочваюць крэдыты?

Кансультант Бярэзінскага раённага суда: “Бывае, людзі проста не хочуць плаціць. Вось у нас было, што жанчына ўзяла вялікі крэдыт, папрасіла сваіх сяброў быць у яе паручыцелямі. А пасля "кінула". Яна проста не захацела выплочваць, хаця мела такую магчымасць. І яе пазыку выплацілі яе паручыцелі. Яны не маглі нават у дом да яе патрапіць — бо яна толькі ўначы выходзіла ў магазін: таму што было сорамна і таму што баялася фінансавых прэтэнзій”.

Калі ў ЗША — крызіс іпатэчнага крэдытавання на жыллё, то ў Беларусі, здаецца, атрымаўся крызіс закрэдытаванага тэлевізара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі