Барыс Нямцоў: Пуцін пайшоў па шляху Лукашэнкі

На думку палітолага Юрыя Шаўцова, палітыка Расіі ў адносінах да Беларусі ўстойлівая, але непапулярныя крокі з яе боку пасля прэзідэнцкіх выбараў магчымыя.

Шаўцоў: “Палітыка Крамля адносна Беларусі была скаардынаваная паміж Мядзведзевым і Пуціным у межах іх ідэалагічнага раскладу – Мядзведзеў быў больш ліберал, адпаведна, тая інфармацыйная кампанія, якая ішла ў мінулым годзе супраць Беларусі з Расіі, яна звычайна асацыявалася з Мядзведзевым. Але прынцыпова гэта нічога не зменіць. Хіба што можа быць, як звычайна бывае, калі чалавек прыходзіць на новае месца працы пасля выбараў, ён робіць нейкія непапулярныя крокі. Таму можна чакаць, магчыма, нейкіх рэзкіх зрухаў з боку Расіі, але не думаю, што гэта будзе вельмі істотна. Палітыка Расіі адносна Беларусі ўстойлівая. Канфлікты, якія існуюць, сітуатыўныя”.

На думку Шаўцова, Мядзведзеў быў фактычна “тэхнічным” прэзідэнтам пры Пуціне, таму калі Пуцін стане прэзідэнтам, то ў адносінах з Беларуссю ён не пачне “закручваць гайкі”.

Шаўцоў: “Увесь час прэзідэнцтва Мядзведзева рэальным палітыкам, які кантраляваў расійскія кадры на вышэйшых дзяржаўных пасадах і прымаў асноўныя рашэнні, быў Пуцін. Мядзведзеў так і не здолеў сфармаваць сваёй каманды, якая б сапраўды працавала на яго. Мядзведзеў ніколі не ўступаў у канфлікт з Пуцінам, таму Мядзведзеў быў, уласна кажучы, “тэхнічным” прэзідэнтам пры Пуціне”.

А вось на думку расійскага апазіцыйнага палітыка, віцэ-прэм’ера Расіі Барыса Нямцова, адносіны дзвюх краінаў пагоршацца. Спадар Нямцоў лічыць, што Пуцін пайшоў па шляху дыктатара.

110926 Niamcou s.mp3 

Нямцоў: "Для Расіі гэта азначае ўзурпацыя ўлады і нязменнасць яе на доўгі тэрмін.  Пуцін пайшоў па шляху Лукашэнкі і, хоць яны, мякка кажучы, адзін аднаго не вельмі любяць, а дакладней ненавідзяць, тым не менш, выбар, які зрабіў Пуцін, нічым не адрозніваецца ад выбару Лукашэнкі. З усімі выцякаючымі наступствамі ростам сацыяльна-эканамічнай напружанасці, у выніку крызісам, калапсам бюджэту, далейшым абагачэннем сябрукоў Пуціна, новая хваля эміграцыі і г.д. Калі казаць пра адносіны Расіі і Беларусі, то яны пагоршацца, бо дыктатары паўнамоцтвамі не дзеляцца, адзін аднаго ненавідзяць, таму, на вялікі жаль, адносіны не палепшацца".

Барыс Нямцоў адзначае, што расійская апазіцыя стане больш кансалідаванай і будзе змагацца да канца.

Нямцоў: "Якая ўлада, такая апазіцыя. Калі ўлада адмарожаная, то апазіцыя робіцца больш радыкальнай. Калі ўлада разумная, то і апазіцыя больш канструктыўная. Таму пытанні наконт апазіцыі трэба адрасаваць уладам. Што тычыцца нас, то мы, ведаеце, нас дзяруць, а мы мацнеем. Апазіцыя стане больш адказнай, кансалідаванай. Мы плануем правесці З’езд аб’яднанай апазіцыі, уключна з прадстаўнікамі левых і нацыянал-патрыётамі – гэта ўнікальны Форум. Такога ў Расіі не было даўно, з тым, каб выпрацаваць нашы ўзгодненыя дзеянні на будучыя так званыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Мы вызначыліся, як мы будзем ісці на гэтыя выбары. Мы будзем ісці пад лозунгам: “Галасуй за Расію галасуй супраць усіх. Пратэстуй супраць фарсу і махлярства, якія арганізавала пуцінская групоўка”. Мы будзем змагацца да канца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі