“Басовішча” стане “маладзейшым”, а замест сусветных зорак пакажуць кіно

21-ы фестываль беларускай музыкі “Басовішча” пройдзе 16-17 ліпеня традыцыйна ў польскім мястэчку Гарадок. Як распавяла Еўрарадыё адна з арганізатараў фэсту Кася Кузьміч, сёлета зноў з’явіцца конкурсная частка для маладых гуртоў, якой не было ў мінулым годзе. Прыём заявак на ўдзел у конкурсе пачнецца ўжо ў бліжэйшыя дні. Апроч розных патрабаванняў, маладым музыкам прапануюць напісаць песню на верш Ларысы Геніюш.

Кася Кузьміч: “У сувязі са стогадовым юбілеем Ларысы Геніюш файна было б, каб гэтыя маладыя людзі звярнуліся ў гэты бок, пашукалі тэкстаў і штосьці ў гэтым кірунку зрабілі”.

Скаргі “басовішчных” заўсёднікаў наконт штогадовай прадказальнасці складу ўдзельнікаў фэсту, якія маюць мала агульнага з маладой беларускай музыкай, далі плён: сёлетні фэст збярэ ў асноўным маладыя і перспектыўныя гурты. Прынамсі, гэта абяцаюць арганізатары.

Кася Кузьміч: “Намагаемся, каб гэта была новая музыка, сапраўды музыка маладых гуртоў, якія ўжо ствараюць якасную музыку. Гэта маладосць на Басовішчы павінна быць вельмі выразнай. І, апрача музыкі, мы хочам дадаць штосьці яшчэ, каб было больш разнастайнасці”.

Аднак кіраўніцтва “Басоў” не збіраецца адмаўляцца ад запрашэння гігантаў айчыннага року: нехта абавязкова будзе! Знакамітага ж на ўвесь свет хэдлайнера прыхільнікі “Басовішча” сёлета зноў не дачакаюцца: на гэта папросту ў арганізатараў няма грошай.

Кася Кузьміч: “З году ў год сітуацыя такая, што маем менш і менш сродкаў на тое, каб прывезці нейкую вялікую зорку, і каб было нашмат больш людзей на фэсце”.

Па словах Касі, сёлетняе “Басовішча”, як гэта ўжо неаднойчы практыкавалася, зноў пашырыць свае жанравыя межы, і, апроч музычнай часткі, публіку чакаюць паказы фільмаў беластоцкай рэжысёркі Тамары Саланевіч і сустрэча з адным пісьменнікам, знакамітым на ўвесь свет, але чамусьці невядомым на Беласточчыне і ў Беларусі.

Кася Кузьміч: “Проста хочам паказваць такія рэчы, якія варта паказаць, якія ёсць на высокім мастацкім і культурным узроўні, але якія людзі не ведаюць”.

Нагадаем, мінулагодняе “Басовішча” запомнілася прыхільнікам беларускай музыкі юбілейным – дваццатым па ліку, урачыста аблітым шампанскім пад гучныя словы арганізатараў і апладысменты гледачоў. Сёлетні фэст ідэолагі “Басоў” абяцалі зрабіць яшчэ больш юбілейным і ўрачыстым, маўляў, дваццацігоддзе самага знакамітага фестывалю маладой беларускай музыкі павінна запомніцца прысутным эксклюзівам і адсутнасцю банальнасці. Аднак эйфарыя і планы арганізатараў сутыкнуліся з рэаліямі. Таму кіраўніцтва сёлетняй імпрэзы адмовілася ад пышных святкаванняў:

Кася Кузьміч: “Як бы так дастаткова адзначылі юбілей у мінулым годзе і падумалі, што ўжо ёсць добры час на тое, каб асвяжыць тыя старыя формулы фестывалю, тыя старыя схемы. Ну не тое, што адыходзім ад юбілею, але больш схіляемся да таго, каб зрабіць штосьці новае”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі