БАТЭ разграміў Літэкс і выйшаў у групавую стадыю Лігі Еўропы (Відэа)

Барысаўскі БАТЭ стварыў сапраўдны цуд, разграміўшы ў гасцях балгарскі “Літэкс” з лікам 4:0. Да самага заканчэння гульні надзеі ў беларускіх фанатаў амаль не было: наша каманда не магла стварыць нават годнага моманту ў той час, як балгары мелі шмат магчымасцяў для ўзяцця варот Аляксандра Гутара. Толькі на 86-й хвіліне матчу абаронца Сяргей Сасноўскі завяршыў падачу вуглавога трапным ударам у вароты саперніка і перавёў гульню ў дадатковы час (першая сустрэча ў Барысаве завяршылася паразай нашых 0:1).

Ужо праз 4 хвіліны пасля пачатку “экстра тайма” Віталь Радзівонаў развеяў мары “Літэкса”, зрабіўшы лік 2:0.

Балгары кінуліся ў атаку, а БАТЭ пачаў гуляць у звыклай манеры другім нумарам а-ля “дваравы футбол”. І яшчэ праз 4 хвіліны ўсё той жа Сасноўскі давёў лік да разгромнага 3:0.

У другім дададзеным тайме, калі шанцаў у “Літэкса” амаль не заставалася, кропку ў матчы паставіў Максім Скавыш.

Адзначым, што напрыканцы асноўнага часу быў выдалены галоўны трэнер барысаўчан Віктар Ганчарэнка.

Віншуем усіх аматараў беларускага футбола з працягам еўракубкавай восені!


У пятніцу пройдзе лёсаванне групавога этапу Лігі Еўропы і стануць вядомыя сапернікі БАТЭ.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі