БАТЭ выйдзе з адпачынку 18 студзеня

Футбольны клуб БАТЭ выйдзе з адпачынку 18 студзеня, паведамляе БелаПАН. У гэты і наступны дзень адбудзецца медабследаванне гульцоў. 20 студзеня каманда заедзе на клубную базу ў Дудзінку, дзе правядзе першы этап падрыхтоўкі да новага сезону. У міжсезонных планах беларускага чэмпіёна — удзел у міжнародным турніры 4—6 лютага ў Сочы. Барысаўчане ўжо адправілі пацверджанне яго арганізатарам. Вядома, што ў ім згуляюць "Жамчужына-Сочы" (Расія, Д2), венская "Аўстрыя" (Аўстрыя, Д1) і "Вікторыя" (Пльзень, Чэхія, Д1). Пасля прыбыцця камандаў у сталіцу зімовай Алімпіяды-2014 арганізатары турніру правядуць лёсаванне і назавуць пары паўфіналістаў. Матчы 1/2 фіналу пройдуць 4 лютага. А 6 лютага адбудуцца паядынкі за 3-е месца і за галоўны прыз турніру.

З 7 па 14 лютага і з 18 лютага па 4 сакавіка БАТЭ правядзе зборы ў турэцкім Белеке. Як паведамлялася раней, барысаўскі клуб не прыме ўдзелу ў розыгрышы Кубка чэмпіёнаў Садружнасці, які пройдзе ў Маскве 15—25 студзеня.

Пасля вяртання з другога турэцкага збору пачнецца непасрэдная падрыхтоўка да Суперкубка Беларусі, у якім БАТЭ як чэмпіён краіны згуляе з уладальнікам Кубка Беларусі наваполацкім "Нафтанам". Гэты матч запланаваны на 7 сакавіка.

Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка ў інтэрв'ю барысаўскай газеце "Адзінства" паведаміў, што хацеў бы ў міжсезонне пастажавацца ў італьянскім "Бары" (там гуляе Віталь Кутузаў) і іспанскім "Вільярэале".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі