Байдэн прасіў не баяцца. Рэпартаж з месца эмацыйнай прамовы прэзідэнта ЗША
Джо Байдэн у Варшаве / Еўрарадыё
Паўгода таму Джо Байдэн пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным сказаў, што адчуў сябе лідарам вольнага свету. А потым наступіў люты 2022-га, і вось ужо ў сакавіку польскі Newsweek назваў "лідарам вольнага свету" Уладзіміра Зяленскага.
Не бяромся замерваць лідарскія якасці кожнага з прэзідэнтаў. Але сёння выступу Байдэна чакалі з тым жа нецярпеннем, з якім чакаюць штодзённых зваротаў Зяленскага.
Карэспандэнтка Еўрарадыё пабывала ў дворыку Каралеўскага палаца ў Варшаве, адкуль Байдэн звярнуўся urbi et orbi.
Дзве гадзіны да выступу Байдэна
Час абеду, а пад'езды да абодвух варшаўскіх палацаў — Каралеўскага і Прэзідэнцкага — ужо перакрытыя. Днём Джо Байдэн сустракаўся з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам, яго адкрыты зварот быў запланаваны на вечар.
Зрэшты, за некалькі гадзін да прыбыцця Байдэна дворык Каралеўскага палаца ўжо пачаў запаўняцца людзьмі. У цэнтры дворыка — польскі і амерыканскі сцягі. У натоўпе гледачоў ёсць украінскія.
Журналістам у дворык трэба прыбыць за дзве гадзіны да амерыканскага прэзідэнта. Гадзіннік на вежы адлічвае хвіліны да яго выступу і б'е кожныя паўгадзіны. Такія абставіны і такі час чакання проста выракаюць на тое, каб пачаць гуляць у асацыяцыі.
І мы ўспамінаем, што Каралеўскі замак быў пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя. Да з'яўлення ЗША як дзяржавы заставалася паўтара стагоддзя. За гэты час Польшча паспее пабываць у канфліктах з Расіяй ужо пяць разоў. І стаць настолькі перадавой дэмакратыяй, што эліты задумаюцца пра першую ў Еўропе Канстытуцыю.
Журналісты ўсіх сусветных СМІ адзін за адным выходзяць у жывы эфір. У большасці гледачоў тэлеканалаў, якія тут працуюць, у часе гэтых жывых уключэнняў толькі-толькі надыходзіць раніца. Журналісты паведамляюць, што:
— Усе тут сочаць за навінамі з трывогай. Кажуць, былі ўдары па Львове, па складах з топлівам. Ніхто не пацярпеў.
Або:
— Чаго мы чакаем ад выступу Байдэна? Да каго ён будзе звернуты? Да палякаў? Амерыканцаў? Рускіх? Я думаю, гэта зварот да свету ў цэлым.
Гадзіна да выступу Байдэна
Беларусы выглядваюць на трыбунах знаёмыя твары. Першым прыбывае Павел Латушка і самотна ўзвышаецца ў віп-зоне.
— А вунь Ціханоўская ў белым паліто. Так, чырвоны шалік. І Вячорка з ёй, — амерыканская журналістка дэманструе брытанскаму дасведчанасць у беларускім парадку дня.
У амерыканкі Нікі на плячах украінскі сцяг. Яе сваякі ў 1905 годзе прыехалі з Украіны ў ЗША. А зусім нядаўна Нікі ўпершыню ў жыцці паехала ў Кіеў па праграме абмену Фулбрайта — да вайны яна паспела папрацаваць у Міністэрстве аховы здароўя.
— Ці верыла я, што вайна пачнецца? Я глядзела СNN, хвалявалася, але спадзявалася, што найгоршага не здарыцца, — расказвае нам Нікі.
Паслухаўшыся заклікаў Байдэна да амерыканцаў, яна ўсё ж пакінула Кіеў у канцы студзеня. А праз месяц найгоршае ўсё ж здарылася.
Да вайны Яўген жыў на Палтаўшчыне — туды прыязджае шмат уцекачоў з Усходняй Украіны, там цяпер застаюцца ягоныя дзеці. А сам ён разам з унукамі прыехаў у Варшаву. Успамінаючы пра перапоўненыя пункты пропуску на мяжы, ён асабліва дзякуе палякам:
— Валанцёры польскія бясплатна развозілі, кармілі, размяшчалі — дзень і ноч працавалі. Былі кіламетровыя чэргі, а яны хуценька эвакуявалі, вывозілі людзей.
Прыкладна праз гадзіну пасля нашай размовы з Яўгенам Байдэн скажа, што Польшча не павінна спраўляцца з праблемай уцекачоў адна. Так, краіна шмат зрабіла, і так, ёй патрэбна дапамога, пажадана ўсяго свету.
Калі Байдэн выйдзе да людзей з прамовай, ужо сцямнее. Хутчэй за ўсё, ён не зможа разгледзець таблічку ў руках у Яўгена. На ёй — асабістая просьба да амерыканскага прэзідэнта. Яўген хоча ўбачыць жонку, з якой не бачыўся тры гады. Жанчына пераехала ў ЗША, Яўген застаўся дома — збіраў дакументы. Пакет дакументаў быў амаль гатовы да лютага. Заставалася "некалькі паперак".
Цяпер чэргі ў амбасады настолькі велізарныя, што ў Яўгена надзея толькі на тое, што Байдэн разгледзіць яго таблічку ў натоўпе.
Выступ Байдэна: "Гэтая вайна не вартая цябе, рускі народ"
Журналісты адгадалі: гэта не быў зварот да рускіх, палякаў ці ўкраінцаў паасобку. Байдэн звярнуўся да ўсіх. Коратка перакажам, што амерыканскі прэзідэнт хацеў перадаць кожнаму.
Украінцам — мы з вамі.
— Вось маё пасланне народу Украіны — гэта пасланне, якое я перадаў сёння міністру замежных спраў і міністру абароны Украіны. Мы падтрымліваем вас. Кропка, — сказаў Байдэн.
Ну, на самай справе не зусім кропка. У той жа прамове Байдэн сказаў, што амерыканскія войскі знаходзяцца ў Еўропе не для таго, каб уступаць у канфлікт з расійскімі войскамі, "амерыканскія войскі знаходзяцца тут, каб абараняць хаўруснікаў па НАТА". Так што калі вы баяліся, што Штаты ўступяць у вайну і пачнецца Трэцяя сусветная — "не бойцеся".
Расіянам — гэта вас не варта.
"Вы, рускія людзі, нам не ворагі. Я адмаўляюся верыць, што вы вітаеце забойства нявінных дзяцей, бабуль і дзядуляў або што вы дапускаеце, каб лякарні, школы, радзільныя дамы абстрэльвалі расійскімі ракетамі і бомбамі", — сказаў Байдэн.
Дзеянні Пуціна ва Украіне — гэта "не дзеянні вялікай нацыі".
"Гэта не тое, хто вы ёсць. Гэта не тая будучыня, якой вы заслугоўваеце для сваіх сем'яў і дзяцей. Я кажу праўду. Гэтая вайна не вартая цябе, рускі народ".
Палякам — не трэба заставацца сам-насам з праблемай уцекачоў. Да дапамогі павінен далучыцца ўвесь свабодны свет.
Усёй Еўропе — трэба завязваць з купляй выкапнёвага паліва ў Расіі. ЗША дапамогуць, будзённа дадае Байдэн з выглядам чалавека незацікаўленага.
"Гісторыя паказвае: прагрэс прарастае з самых цёмных часоў".
Усяму свету — не страчвайце надзеі. І не бойцеся.
"Свабодныя людзі адмаўляюцца жыць у свеце безнадзейнасці і цемры. У нас будзе іншая будучыня, яркая будучыня, тая, што вырасла на дэмакратыі і прынцыпах, надзеі і святле, прыстойнасці і годнасці, свабодзе і магчымасцях".
Пяць хвілін пасля выступу Байдэна
Такім чынам, прамова Байдэна скончаная. Суседнія кавярні перапоўненыя.
— Так, мама, бачыла! Так, Байдэна! І Дуду бачыла! — дзяўчаты-падлеткі ў кавярні запісваюць галасавыя.
/ Еврорадио
У інстаграмы заліваюцца відэа з адным лідарам вольнага свету. На століках ляжаць партрэты іншага.
Ля палаца ў гэты час усё яшчэ працягваецца стыхійны мітынг: людзі не спяшаюцца разыходзіцца, яны выкрыкваюць слоганы, некаторыя з якіх мы са зразумелых прычын не зможам працытаваць.
А вось некаторыя ўражанні слухачоў ад прамовы Байдэна працытаваць можам:
— Больш за ўсё прамова Байдэна нагадала мне выступ іншага амерыканскага прэзідэнта — Джона Кенэдзі ў 1963 годзе ў Заходнім Берліне.
Тады яго фраза "Я — берлінец" стала культавай. Такім чынам Кенэдзі выказаў сваю салідарнасць і падтрымку жыхарам горада пасля ўзвядзення камуністычным рэжымам ГДР Берлінскай сцяны.
У сваёй прамове Байдэн успамінаў тыя часы для краін Усходняга блока — Венгрыі, Чэхаславакіі, Польшчы і дзяржаў Балтыі. Цяпер свет зноў падзелены на дзве часткі — дэмакратыю і аўтакратыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.